У Менску чакаюцца суды над Зміцерам Дашкевічам і Наталляй Гарачкай-Басалыгай



Затрыманых 24 сакавіка ў Менску актывістаў Зміцера Дашкевіча і Наталлю Гарачку-Басалыгу, хутчэй за ўсё, будуць судзіць 25 сакавіка. Працэсы пройдуць у судзе Цэнтральнага раёна Менска.

Жонка Дашкевіча Анастасія зараз знаходзіцца каля будынка суда. Дашкевіч, нагадаем, быў затрыманы пасля свайго рэзкага выступлення ў адрас уладаў на санкцыянаваным мітынгу-канцэрце з нагоды Дня Волі ў Кіеўскім скверы. Мінулую ноч, паводле інфармацыі жонкі, ён правёў у ІЧУ Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Паводле інфармацыі сустаршыні аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, сёння ў судзе Цэнтральнага раёна таксама можа быць разгледжаная справа апазіцыйнай актывісткі Наталлі Гарачкі-Басалыгі, затрыманай учора на ўваходзе ў Кіеўскі сквер.

Сёння ў Віцебску каля 11.00 быў затрыманы грамадскі актывіст Барыс Хамайда, які шмат гадоў запар распаўсюджвае ў цэнтры горада недзяржаўныя СМІ. На яго складзены пратакол па артыкуле 21.14 КоАП за „загрувашчванне вуліцы”. На дадзены момант Хамайда на волі.

Пра сачэнне з боку праваахоўных органаў паведамлялі ў сацсетках актывісты анархісцкага руху Вячаслаў і Марына Касінеравы. Па дарозе на трэніроўку іх суправаджаў мікрааўтобус, з пярэдняга сядзення якога вялася відэаздымка.

Мяркуючы па ўсім, праваахоўныя органы спрабуюць прадухіліць магчымыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны абвяшчэння БНР. На мінулым тыдні некаторыя апазіцыйныя палітыкі заявілі пра намер зладзіць вечарам 25 сакавіка шпацыр ад Кастрычніцкай плошчы да будынка па адрасе Валадарскага, 9, у якім у 1918 годзе адбылася гістарычная падзея — абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

belapan.by

Фота svaboda.org