У Менску і рэгіёнах прайшлі „Маршы пенсіянераў”



Лукашэнкаўцы ўжылі святлошумавыя прылады і газ для разгону пенсіянераў. Інцыдэнт адбыўся каля Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта на праспекце Незалежнасці ў Менску.

Удзельнікі маршу дайшлі да плошчы Якуба Коласа. Яны ўсклалі кветкі да помніка класіку, а таксама пакінулі плакаты: „НЕ крываваму рэжыму”, „Не забудзем, не даруем” ды іншыя.

Фота Кастуся Багушэвіча, Беларускае Радыё Рацыя.

Сілавікі сталі затрымліваць студэнтаў, якія выйшлі прывітаць старых людзей. Пенсіянеры спрабавалі вырваць іх з рук міліцыі, тады ў іх бок паляцелі святлошумавыя прылады, паведамляе карэспандэнт „Нашай Нівы”.

Жанчыны атачылі бус з сілавікамі і скандуюць «Фашысты!».

* * * 

Праспект перакрыты, закрыты многія станцыі метро. Каб запалохаць пенсіянераў, ездзяць міліцэйскія бусікі. Галоўным лозунгам марша стала: „Нашы дзеці лепшыя за ўсіх!”.

Фота: Францішка Цярэшкі, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

 

Праходзячы ля БНТУ пенсіянеры скандавалі: „Судэнты, мы з вамі!”. 

* * * 

Калона пенсіянераў налічвае ўжо некалькі тысяч чалавек. Яна дайшла да плошчы Перамогі. Людзі скандуюць: „Пошел вон, ты и твой ОМОН”, „Лукашэнку ў аўтазак!”. 

ДАІ перакрыла рух па праспекце Незалежнасці ад скрыжавання з вуліцай Казлова ў напрамку цэнтра.

* * * 

12 кастрычніка ў Менску, Гародні, Лідзе, Берасці, Гомелі, Салігорску, Магілёве ды іншых гарадах  пенсіянеры выйшлі на акцыі пратэсту.

У Менску пенсіянеры сабраліся на плошчы Незалежнасці ля Чырвонага касцёла, а затым рушылі па праспекце. Яны скандуюць: «Верым, можам, пераможам», „Гэта наш горад!”. Іх падтрымліваюць сігналамі аўтамабілісты.

У менскай акцыі прымае ўдзел каля тысячы чалавек.

У Гародні людзі пажылога ўзросту сабраліся з кветкамі ў Парку Жылібера. Міліцыянты папярэдзілі іх, што мерапрыемства недазволенае. Як паведамляе  БАЖ, затрымалі «для праверкі дакументаў» журналістаў Марыю Харэвіч і Сяргея Людкевіча. Іх павезлі ў Ленінскі РАУС.

У Берасці пенсіянеры скандуюць «Трэці ўзрост выходзь!» і „Верым, можам, пераможам! »

Беларускае Радыё Рацыя