У Менску канфіскаваная партыя гераіну вагой каля 550 кг
У Менску канфіскаваная партыя гераіну вагой каля 550 кг. Гэта самая буйная партыя дадзенага наркотыку ў гісторыі незалежнай Беларусі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (УНіСГЛ) Міністэрства ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч 23 снежня на брыфінгу ў Менску.
Паводле яго слоў, кошт канфіскаванай партыі на чорным рынку перавышае 50 млн еўра.
З гэтай партыі можна было б вырабіць 2,5 млн разавых доз, падкрэсліў Казакевіч.
Ён адзначыў, што злачынная група займалася пастаўкамі гераіну з Афганістана ў Еўрасаюз праз так званы паўночны маршрут, які праходзіць праз шэраг краін СНД.
„На тэрыторыі Беларусі быў арганізаваны перавалачны пункт, — сказаў Казакевіч. — У канцы лістапада 2019 года падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у Менску супрацоўнікамі УНіСГЛ пры сілавой падтрымцы „Алмаза” затрыманыя чатыры замежныя грамадзяніны, якія ў сцяне арандаванага складскога памяшкання ў Заводскім раёне сталіцы абсталявалі тайнік. У ім аператыўнікі выявілі і канфіскавалі наркатычнае сродак гераін вагой амаль 550 кг. Гэта самая буйная партыя наркотыку, канфіскаваная за ўсю гісторыю нашай краіны. Пастаўку наркатычнага сродку фігуранты ажыццяўлялі пад прыкрыццём камерцыйнай дзейнасці. Далейшая транспарціроўка ў краіны ЕС павінна была праходзіць пад выглядам пастаўкі беларускай мэблі — канап і матрацаў”.
Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарату Следчага камітэта Беларусі ў дачыненні да затрыманых распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 328 КК. Абвінавачваныя ўзятыя пад варту. У інтарэсах следства Казакевіч не стаў удакладняць грамадзянства затрыманых, паведаміўшы, што грамадзян Беларусі сярод іх няма.
„Улічваючы геаграфічнае становішча нашай краіны, транснацыянальнымі злачыннымі групоўкамі часта робяцца спробы выкарыстоўваць яе тэрыторыю для транзіту гераіну з Афганістана ў краіны Заходняй Еўропы, — сказаў прадстаўнік МУС. — Так, існуюць тры асноўныя маршруты кантрабанды — паўночны (транзітам праз Цэнтральную Азію ў напрамку Расійскай Федэрацыі і ЕС), балканскі (транзітам праз Іран і Турцыю ў напрамку ЕС) і паўднёвы (транзітам праз Пакістан фактычна ва ўсе краіны свету). Самымі буйнымі спажыўцамі гераіну з’яўляюцца ЗША, краіны Афрыкі і краіны Заходняй Еўропы, перш за ўсё Вялікабрытанія, Германія, Францыя, а таксама краіны Скандынавіі”.
Казакевіч падкрэсліў, што, знаходзячыся ў цэнтры еўрапейскага кантынента, Беларусь зведвае „знешнюю наркапагрозу як з Усходу, так і з Захаду”. „Нярэдка тэрыторыя нашай краіны выкарыстоўваецца наркагрупоўкамі пры транзіце не толькі гераіну, але і сінтэтычных наркотыкаў і мараканскага гашышу, — сказаў ён. — У красавіку гэтага года на беларуска-латвійскай мяжы пры спробе ўвозу на тэрыторыю рэспублікі спынена пастаўка партыі псіхатропных рэчываў: 10 кг МДМА, 5 кг мефедрону, 112 кг гашышу і 4 кг какаіну. Наркатычныя сродкі перамяшчаліся ў схованках грузавога аўтамабіля. Усяго сёлета намі выяўлена і спынена 28 каналаў нелегальных паставак наркотыкаў і псіхатропаў як на тэрыторыю Беларусі, так і транзітам ва ўсходнім і заходнім напрамках”.
Казакевіч таксама адзначыў, што гераін не карыстаецца на беларускім рынку папулярнасцю. „Гэта досыць дарагі наркотык. Кошт гераіну ў Еўропе складае 90—100 еўра за грам. У нас яго доля на рынку складае менш за 1%, — сказаў Казакевіч. — Але рызыка перадазіроўкі ад гераіну ў шмат разоў вышэйшая, чым ад іншых відаў наркотыкаў і псіхатропаў. У гэтым годзе мы адзначаем рост колькасці перадазіровак, у тым ліку са смяротным зыходам. Усяго іх было 43 за 11 месяцаў. Пры гэтым 60% — гэта метадон і гераін, якія ўжываюцца ўнутрывенна”.
belapan.by