У Менску можа з’явіцца вуліца Ніла Гілевіча



Вуліца імя Гілевіча з’явіцца ў беларускай сталіцы. Таварыства беларускай мовы атрымала адказ з Менгарвыканкама на прапанову надаць адной з вуліц беларускай сталіцы імя Ніла Гілевіча. У адказе паведамляецца, што імя Ніла Гілевіча ўключана ў пералік імёнаў знакамітых дзеячаў краіны і будзе ўлічана камісіяй па найменаванні і пераіменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў ды іншых складных частак Менска.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначае, што няма прычынаў не верыць беларускім уладам, бо раней каля 30-ці вуліц у Менску змянілі свае назвы:

– Вуліца Сапегі, вуліца Брыля з’явілася дзякуючы нам. Вуліца Напалеона Орды, плошча Францішка Багушэвіча. Я магу доўга вам пералічваць гэты спіс. Вуліца Галубка, Ігнатоўскага… Працэс ідзе. І калі яны ў план уключаюць і пішуць ліст, то ні разу не было, каб не выканалі. Іншая рэч, што гэта можа заняць і год, і два.

“Звычайна, калі ўлады ўключаюць гэта ў план, то на працягу года-двух вуліцу пераназываюць”, – адзначыў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя