У Менску мужчына з паляўнічай зброі застрэліў супрацоўніка КДБ, яго забілі ў адказ (абнаўляецца)



Стала вядома, хто страляў у кэдэбэшніка: 32-гадовы праграміст Андрэй Зельцэр. Мужчына працаваў вядучым аналітыкам службы падтрымкі EPAM Systems. Як распавялі суседзі, Андрэй жыў разам з жонкай у яе кватэры. Гадавалі малога сына, які вучань пачатковых класаў, кажуць суседзі. Дзе знаходзіўся малы падчас страляніны пакуль невядома.

***

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што падчас рэйду КДБ па адным з адрасоў мужчына, узброены паляўнічай стрэльбай, забіў аднаго з супрацоўнікаў. Сілавікі ў адказ застрэлілі мужчыну.

Паводле непацверджанай інфармацыі, загінуў 32-гадовы айцішнік.

Таксама паведамляецца, што сілавікі адпрацоўвалі кватэры ў рамках крымінальнай справы аб тэрарызме.

Сілавікі апублікавалі відэа моманту атакі на кватэру. З відэа вынікае, што забіты здымаў усё на камеру ў сябе дома. На ім таксама бачна, што ў кватэры была і жанчына. Што з ёю, не паведамляецца. 

nashaniva.com