Тры гады калоніі за ўдар нагой па міліцэйскім мікрааўтобусе



Суд Савецкага раёна Менска прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму Івана Цагалку, які ў верасні 2020 года падчас пратэстнага маршу ўдарыў нагой па міліцэйскім мікрааўтобусе.

Як паведамляе закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”, абвінавачваны абавязаны выплаціць па 1.000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды амапаўцам Папову і Назараву. Іск „Мінсктранса” будзе разгледжаны асобна ў парадку грамадзянскага судаводства.

Цагалку абвінавацілі паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.

Справу разгледзеў суддзя Сяргей Шаціла. Абвінавачанне прадставіў памочнік пракурора Раманенка. Пацярпелымі па справе прызнаныя сем супрацоўнікаў АМАПа.

Згодна з абвінавачаннем, 13 верасня Цагалка ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску, на ўчастку ад вуліцы Няміга да станцыі метро „Пушкінская”, блакаваў дарогі, перашкаджаў працы аптэк, салонаў і прадпрыемстваў на шляху руху, парушаў спакой грамадзян. У раёне вуліцы Ціхай, „адчуваючы ўзлаванасць у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі”, ударыў адзін раз нагой па службовым аўтамабілі і пашкодзіў капот. Затым ён нанёс амапаўцам Папову і Назараву па два ўдары, якія не пацягнулі расстройства іх здароўя.

Цагалка прызнаў віну толькі ў тым, што ўдарыў па аўтамабілі. Паводле слоў абвінавачванага, у натоўпе ён страціў раўнавагу і ненаўмысна адштурхнуўся нагой ад мікрааўтобуса, каб не ўпасці. Кошт рамонту — больш за 400 рублёў — ён кампенсаваў яшчэ да суда.

Абвінавачваны адмаўляў, што нанёс удары амапаўцам і што ў яго ў руках былі якія-небудзь прадметы. Паводле яго слоў, затрыманне адбылося ў лічаныя секунды: заламалі рукі, паклалі на зямлю, завялі ў мікрааўтобус, а потым у аўтазак. Як распавёў Цагалка, пры затрыманні яго білі па галаве, пашкодзілі нос, а таксама зрабілі запіс на відэакамеру, які пасля быў паказаны па дзяржаўным тэлебачанні. Падчас запісу ў ГУУС, падкрэсліў абвінавачваны, супрацоўнікі міліцыі фактычна прымушалі яго казаць тое, што ім трэба, пагражалі збіць, калі будзе нешта не так, а калі ён гаварыў няправільна, ролік пераздымалі.

Сведкамі на працэсе выступілі прадстаўнікі цырульняў, крамаў, салонаў, аптэк, каля якіх 13 верасня прайшло шэсце і якія ў той дзень закрываліся. Прэтэнзіі выставіла толькі ТАА „Грын фітнес” (трэнажорная зала F1 fitness) на праспекце Пераможцаў. Згодна з пісьмовымі паказаннямі прадстаўнікоў „Грын фітнесу”, з-за ўсіх нядзельных акцый пратэсту ТАА панесла шкоду ў 48 тыс. рублёў, бо кліенты не маглі да іх даехаць.

„Мінсктранс” ацаніў нанесеную шкоду больш чым у 30 тыс. рублёў.

Адвакат Цагалкі заявіў, што яго падабаронны не блакаваў дарогі, толькі на вуліцы Ціхай выйшаў на праезную частку, але там грамадскі транспарт не ходзіць. Таксама ён не мог перашкаджаць працы ўстаноў, проста рухаючыся па тратуары. Акрамя таго, адвакат звярнуў увагу, што абвінавачанне трымаецца толькі на блытаных паказаннях Назарава і Папова.

belapan.by