Алесь Яўдаха – у СІЗА КДБ (абноўлена)



22 сакавіка   Бацька 41-гадовага Алеся Яўдахі Анатоль Мікалаевіч паведаміў „Свабодзе„, што цяпер займаецца афармленнем дамовы з адвакатам.

Паводле інфармацыі бацькі, Алеся ўтрымліваюць у СІЗА КДБ, так званай «амерыканцы»; людзі, якія праводзілі ператрус, прадставіліся, што яны з КДБ.

Бацька кажа, што апошнім часам Алесь не займаўся ніякай палітычнай дзейнасцю, ён распаўсюджваў кнігі, арганізоўваў выставы, іншыя імпрэзы, звязаныя выключна з прапагандай літаратуры. Таму ён не ўяўляе, за што сына маглі затрымаць.

* * *

21 сакавіка   Распаўсюднік беларускамоўных кніг Алесь Яўдаха затрыманы невядомымі пасля цырымоніі ўручэння прэмій „Дэбют” Беларускага ПЭН-цэнтра, якая прайшла ўвечары 21 сакавіка ў выставачнай прасторы „ЦЭХ” на вуліцы Кастрычніцкай у Менску.

„Невядомыя асобы ў цывільным паклалі на зямлю, засунулі ў аўтобус Алеся Яўдаху і павезлі ў невядомым кірунку”, — паведаміла ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”, мяркуючы па ўсім, відавочца захопу Вера Сцебурака.

У ліпені 2012 года Яўдаха быў прыгавораны да года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову паводле абвінавачання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Яўдаха як заснавальнік інтэрнэт-рэсурсу „Кнігі — поштай” адпраўляў па пошце ў розныя гарады краіны кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і інш. Крымінальную справу ў дачыненні да Яўдахі распачаў у маі 2010 года дэпартамент фінансавых расследаванняў камітэта дзяржкантролю. Следчыя выклікалі кліентаў сэрвісу „Кнігі — поштай” і распытвалі, навошта яны пералічвалі грошы распаўсюджвальніку кніг. Сам Яўдаха лічыў, што ў лютым 2010 года супрацоўнікі Міністэрства па падатках і зборах правялі ў яго кантрольны закуп — замовілі некалькі дзясяткаў кнігі „Маладафронтаўцы”. Пасля гэтага ў службы „Кнігі — поштай” і пачаліся праблемы.

БелаПАН

Фота: Наша Ніва