У Менску пабіты тэмпературны рэкорд 82-гадовай даўніны



Тэмпературны рэкорд дня 82-гадовай даўніны пабіты ў Менску 11 чэрвеня.

Паветра ў сталіцы прагрэлася да 32,2 градуса цяпла. Ранейшы максімум складаў 30,1, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз аператыўнай карты тэмператур і архіва метэаназіранняў Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

Абнавіліся рэкорды таксама ў Берасці — 32,2 (было 32,0 11 чэрвеня 2010 года), Гародня — 30,8 (30,6 таксама ў 2010-м) і Магілёве — 31,7 (30,5 у 1968 годзе).

Рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі краіны — 33,5 градуса, зафіксаваны 11 чэрвеня 2010 года на метэастанцыі Акцябр у Гомельскай вобласці, выстаяў. Гэтае месца апынулася самым цёплым і цяпер — 33,3 градуса. У Пінску (Берасцейская вобласць) зарэгістравана 33,1 градуса (ранейшы рэкорд у райцэнтры — 32,4 у 2010 годзе), у Жлобіне (Гомельская вобласць) — 32,8 (31,9 у 2010-м).

Паводле прагнозу сіноптыкаў, вельмі гарачае надвор’е, з тэмпературай да 34 градусаў, захаваецца да канца тыдня.