У Менску пабіты тэмпературны рэкорд 88-гадовай даўніны
У Беларусі чатыры дні запар, 16—19 кастрычніка, абнаўляліся тэмпературныя рэкорды, пры гэтым 17, 18 і 19 кастрычніка перапісаныя максімумы дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў.
19 кастрычніка на тэрыторыю краіны пачала паступаць больш халодная паветраная маса, аднак было цяплей, чым меркавалі сіноптыкі. У прыватнасці ў Менску паветра прагрэлася да плюс 17,6 градуса пры прагнозе 14—16. Тым самым пабіты тэмпературны рэкорд дня 1930 года (17,2 градуса).
Абнавіліся максімумы ў Віцебску — 17,6 градуса (17,5 у 1957 годзе) і Гомелі — 20,7 (19,7 у 1996-м).
Тэмпературны рэкорд дня на ўсёй тэрыторыі краіны складаў 19,9 градуса вышэй за нуль (зафіксаваны ў 1961 годзе ў Берасці і ў 1996 годзе ў Васілевічах Гомельскай вобласці). Зараз ён перавышаны амаль на два градусы. Самым цёплым месцам зноў апынуліся Васілевічы — 21,7 градуса (у Брэсце было 18,5).
На паўночным захадзе краіны было нашмат халадней. Мінімум дня адзначаны ў Лынтупах (Віцебская вобласць) на мяжы з Літвой — 11,5 градуса.
Напярэдадні, 18 кастрычніка, новы рэкорд дня склаў 22,9 градуса цяпла (Брагін, Гомельская вобласць) супраць 22,4 (у Васілевічах у 2017 годзе). Абнавіліся максімумы ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах, за выключэннем Гродна.
17 кастрычніка быў абноўлены тэмпературны рэкорд дня 39-гадовай даўніны (23,6 градуса ў Брагіне супраць 23 на метэастанцыі „Палеская” ў Берасцейскай вобласці). Пабітыя рэкорды ў Менску, Віцебску, Магілёве і Гомелі.
16 кастрычніка адзначаныя лакальныя тэмпературныя рэкорды, у тым ліку ў Віцебску, Гомелі і Магілёве.
(Выкарыстаныя аператыўная карта тэмператур і архіў Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.) БелаПАН