Мікалай Дзядок цалкам не прызнае сваёй віны (абноўлена)



Блогер, журналіст і актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок цалкам не прызнаў абвінавачанні, выcтаўленыя супраць яго на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Працэс пачаўся сёння, 29 чэрвеня,  у Менскім гарадскім судзе. 32-гадовага Дзядка абвінавачваюць у тым, што ён размяшчаў артыкулы ў інтэрнэце, якія, паводле версіі пракуратуры, утрымлівалі выказванні, варожыя ў адносінах да існай улады. Абвінавачванне кваліфікавала гэта як распаўсюджванне матэрыялаў, што ўтрымліваюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на пяць гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: novychas.by

***

У Менскім гарадскім судзе распачаўся працэс над аўтарам “Новага Часу”, блогерам, актывістам анархісцкага руху Міколам Дзядком.

На суд прыйшлі каля 30 чалавек, у тым ліку бацькі і нявеста Міколы. Таксама запусцілі некалькі журналістаў і проста неабыякавых людзей.

Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку. Пасля затрымання адвезлі ў Менск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі — збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем.

У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго вазілі па розных ізалятарах і неаднаразова кідалі ў карцар. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў закліку да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Беларускае Радыё Рацыя