Суд над журналістам Дзмітрыем Галко
У судзе Савецкага раёна Менска 10 ліпеня пачаліся слуханні справы журналіста Дзмітрыя Галко.
Яго абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).
Працэс вядзе суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Абвінавачанне звязанае з падзеямі 25 лістапада 2017 года. У той дзень сын Галко святкаваў 15-годдзе з сябрамі ў кватэры ў Менску. Праз некалькі гадзін у дзверы пазваніў участковы. Ён паведаміў, што прыбыў на шум, і папрасіў дакументы. Як сцвярджае Галко, міліцыянер, а таксама мужчына і жанчына ў цывільным, што суправаджалі яго, літаральна ўварваліся ў кватэру, участковы спрабаваў фатаграфаваць тое, што адбываецца, на тэлефон. Завязалася бойка, затым, паводле слоў журналіста, у кватэру ўварвалася група захопу.
Двое маладых людзей, якія прыйшлі на дзень нараджэння, атрымалі траўмы, уцякаючы ад міліцыянераў праз балкон. Дзмітрыя Галко, яго сына і яшчэ некалькіх падлеткаў даставілі ў аддзяленне міліцыі. Пазней высветлілася, што частка падлеткаў былі ў нецвярозым стане. На наступны дзень маладых людзей адпусцілі дадому, а Дзмітрыя Галко даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. 27 лістапада яго асудзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі.
У прэс-службе ГУУС Менгарвыканкама БелаПАН паведамілі, што падчас інцыдэнту 25 лістапада „была спроба нанесці ўдары супрацоўніку ў вобласць галавы”. „Некаторыя дасягнулі сваёй мэты. Плюс разбілі тэлефон і хапалі за форменнае абмундзіраванне”, — сцвярджалі ў міліцыі.
У снежні ў дачыненні да Дзмітрыя Галко распачалі крымінальную справу, пасля чаго ён разам з сынам паехаў ва Украіну. Калі ў красавіку журналіст вярнуўся ў Беларусь, яго затрымалі і ўзялі пад варту.
Беларускія палітыкі і грамадскія актывісты стварылі камітэт па вызваленні палітвязняў. Яны расцэньваюць крымінальны пераслед Галко як „адназначны пасыл улады грамадзянскай супольнасці, скіраваны на запалохванне грамадства, задушэнне яго волі да супраціву гвалтоўным дзеянням і прадухіленне мірных акцый пратэсту”.
Апошнія некалькі гадоў Дзмітрый Галко супрацоўнічаў з недзяржаўнай газетай „Новы час”.
Максімальнае пакаранне на падставе артыкула 364 КК, паводле якога абвінавачваецца журналіст, — шэсць гадоў пазбаўлення волі.