У Менску падпісалі мемарандум салідарнасці з украінскім народам



Беларусы салідарныя з украінскім народам у барацьбе за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць. У Менску прыняты Мемарандум аб узаемадзеянні з Украінай, падпісаны шэрагам беларускіх аб’яднанняў грамадзянскай супольнасці і палітычных структур. Дакумент падрыхтаваны Беларускім камітэтам салідарнасці з Украінай.

Адным з галоўных пунктаў прынятага мемарандума можна назваць лёс беларускіх дабраахвотнікаў, якія ваявалі ў зоне АТА на баку Украіны, кажа адзін з удзельнікаў Камітэта намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрый Меляшкевіч:

– Вельмі важныя працэсы звязаныя з набыццём грамадзянства тых беларусаў, якія знаходзяцца ці ў зоне АТА, ці ўжо скончылі сваю службу і застаюцца на тэрыторыі Украіны, бо на іх ажыццяўляецца ціск у Беларусі. Гэта таксама вельмі важны клопат, які павінен ісці ад розных суб’ектаў Беларусі, нагадваць украінскім уладам, што гэтыя людзі знаходзяцца ў небяспечным стане. Беларуская дзяржава можа іх рэпрэсаваць пад ціскам Расеі, якая патрапрабуе пастаянна нейкіх санкцый у дачыненні да гэтых хлопцаў.

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай створаны 2014 годзе на хвалі падтрымкі ўкраінскага народу падчас падзеяў Еўрамайдана і Рэвалюцыі годнасці. Заснавальнікамі Камітэта выступілі беларускія партыі і арганізацыі, якія традыцыйна выступаюць у падтрымку дэмакратычных сілаў ва Украіне.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота “Новы час”