У Менску пакажуць „Подых балотаў”



У Менску сёння пройдзе прэм’ера стужкі пра беларускія балоты «Подых балот». Грамадская кампанія «У абарону беларускіх балот» цягам некалькіх апошніх гадоў змагаецца супраць пастановы Савета міністраў №794. Згодна ёй, асушэнню падлягаюць 8 балот на тэрыторыі прыродных заказнікаў з мэтай дабычы торфу. Кажа каардынатар кампаніі Вольга Каскевіч:

– Мы займаліся адвакатыўнай дзейнасцю, баранілі гэтыя тэрыторыі, ездзілі да мясцовых жыхароў, баранілі іхныя правы. Мы сутыкнуліся з тым, што ў грамадзян Рэспублікі Беларусь няма выразна сфармаванай пазіцыі па беларускіх балотах, па важнасці іх захавання. У гэтым годзе вырашылі зняць дакументальную стужку пра 8 балот. Мы хацелі паказаць наколькі гэта важна, захоўваць іх.

Фільм знаёміць гледача з незвычайным прыродным асяроддзем балот, якія захоўваюць для нас ваду, змякчаюць клімат, з’яўляюцца прытулкам не толькі для мноства відаў птушак і жывёл, але і старадаўніх легенд.

У межах кінапаказу ўсім гледачам прадастаўлена ўнікальная магчымасць убачыць працы мастакоў выставы «Багна» – фэсту творчых практык і крытычных ведаў, які праходзіў сёлета ў жніўні на балоце «Морачна», што трапіла ў спіс для асушэння.  У мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць гурт «Нагуаль», якi выканае музычныя кампазіцыі, адмыслова створаныя для фільма.

Прэм’ера адбудзецца а 19-тай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mikolka.info