У Менску пахавалі Вітаўта Мартыненку



На развітанне з музычным крытыкам, літаратарам і грамадскім дзеячом прыйшлі рок-музыкі, пра якіх ён пісаў, а таксама родныя, блізкія і калегі. У іх ліку журналіст Анатоль Мяльгуй.

– Паміраць збірайся – а жыта сей. Такое ў яго было жыццёвае крэда. Гэта быў вельмі-вельмі крэатыўны чалавек. Ідэі і спосабы іх ажыццяўлення з яго фантаніравалі кожную секунду. Я хачу нагадаць, што ён яшчэ быў вялікім прыхільнікам роднай мовы. Але стваральным. Ён не хацеў, каб нашая мова пакутвала ад тых мераў, якія выносіліся за савецкім часам і цяпер, каб яе знішчыць з людской памяці.

Вітаўт Мартыненка адным з першых пачаў пісаць у дзяржаўнай прэсе пра беларускамоўных выканаўцаў з рокавага і бардаўскага асяродку. Ён стаў адным з заснавальнікаў першага беларускага рок-клубу “Няміга”, ініцыятарам фестываляў “Тры колеры” ў Менску і “Басовішча” на Падляшшы. Ствараў тэксты песень для гуртоў P.L.A.N., Tesaurus, Deathmarsh. Сам калісьці спяваў у гурце „Юрась Братчык”. Сумесна з Анатолем Мяльгуем выдаў шэраг кнігаў пра айчынную музычную культуру, у тым ліку “222 альбомы беларускага року і ня толькі”.

– Ён акрамя іншага, пастанавіў, можна сказаць ультыматыўна, перад выдаўцамі, каб гэтая кніга была з дзвумя літарамі „г”, у тым ліку з „г” выбуховым. Яна выйшла і з’яўляецца вялікім дасягненнем.

На развітанні з Вітаўтам Мартыненкам паўставала пытанне наконт ягонага архіву – вялікай бібліятэкі і фонатэкі з мноствам рарытэтаў. Пакуль што даглядаць за архівам будзе родная дачка памерлага дзеяча.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя