У Менску павялічаць колькасць платных для паркоўкі вуліц



У гэтым годзе ў Менску плануецца ўвесці плату за паркоўку на вуліцах Гікала, Платонава, Казлова, Акадэмічная, Петруся Броўкі, Шорная, Сухая, Мельнікайтэ, Жылуновіча і Даўгабродская.

Вуліцай, дзе неўзабаве паркоўка стане платнай, аказалася Карла Маркса. Грошы за паркоўку прыйдзецца плаціць пасля 12 сакавіка. Пакуль сістэма працуе ў тэставым рэжыме.

Дырэктар ДУ “Паркоўкі сталіцы” Алег Ляшчынскі патлумачыў „Еўрарадыё”, што азначае „тэставы рэжым”:

„На Карла Маркса сістэма пачала працаваць ў тэставым рэжыме з 5 лютага і працягне да 12 сакавіка. Гэта азначае, што грошай з аўтамабілістаў пакуль не бяруць, але паведамляем ім пра хуткія змены. Інфармуем насельніцтва пра будучыя змены, раздаём улёткі з інфармацыяй. У іх мы папярэджваем пра тое, што на Карла Маркса неўзабаве будзе платная паркоўка, а таксама распавядаем пра варыянты, як падаць сябе ў спіс доступу дваровых тэрыторый”.

У Менску цяпер 39 платных аўтамабільных парковак. Агульная колькасць машынамесцаў — 2543. Па словах Алега Ляшчынскага, у бюджэт горада штомесяц пералiчваецца каля двухсот тысяч рублёў.

Паркоўка будзе платнай па буднях з 8-й гадзіны раніцы да 20-й. Кошт стаянкі будзе складаць адзін рубель за гадзіну. Аплаціць стаянку можна праз смартфон, інтэрнэт-банкінг, аплатныя тэрміналы або праз „карты паркоўкі”, якія прадаюцца ў кіёсках „Белсаюздрук”.

Фота: sb.by