У Менску плануецца 148 груп у дзіцячых садках з выхаваннем па-беларуску
У сталічных дзіцячых садках развіваецца сетка груп з выхаваннем і навучаннем на беларускай мове. У 2017/2018 навучальным годзе функцыянавала 141 такая група, у 2018/2019 – 144. У цяперашнім – плануецца, што іх колькасць вырасце да 148. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 28 жніўня галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Алена Макарэвіч.
– Пытанне наяўнасці такіх груп актуальнае і вырашаецца па запытах бацькоў. Мы не можам вызначыць дзяцей у групу з выхаваннем на беларускай мове, калі іх мамы і таты гэтага не хочуць, – патлумачыла Алена Макарэвіч. – Плануецца, што ў гэтым годзе такіх груп будзе 148, аднак дакладная лічба стане вядомая пасля камплектавання, якое пройдзе да канца жніўня.
