У Менску плануюць пікет у абарону грамадзянскіх правоў



Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры вырашылі правесці ў цэнтры Менску пікет супраць парушэнняў і злоўжыванняў у гэтай сістэме. Як сказала на адмысловай прэсавай канферынцыі адна з удзельніц гэтай ініцыятывы Валянціна Каваленка з гораду Бабруйску, „нас усіх улада проста вымушае выйсці на гэты пікет і мы гэта зробім”.

У Валянціны Каваленкі былі асуджаны сын, а потым муж. Пасля шматлікіх абскарджванняў муж быў вызвалены і апраўданы. За свабоду сына барацьба працягваецца.

– Усе гэтыя гады пакуты маёй сям’і прывялі мяне да высновы, што дзейны прэзідэнт не спраўляецца са сваімі абавязкамі гаранта Канстытуцыі. Таму мы вымушаны выходзіць на пікетаванне, вымушаны звяртаць увагу не толькі кіраўніка краіны, таму што далей так больш не павінна быць. Ёсць правы, але як бы іх і няма. З намі робяць што хочаць.

Пад заяўкай у Менгарвыканкам на правядзенне пікета паставілі свае подпісы 12 грамадзянаў, якія змагаюцца за свае правы і правы сваіх блізкіх. Пікетаванне запланавана на 24 верасня. Асноўныя лозунгі мерапрыемства: „У Канстытуці правы і свабоды на паперы. А нам яны патрэбны ў жыцці!”, „Чыноўнікі і дэпутаты схваліся ад народа за плотам адпісак”, „Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны”.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя