У Менску прайшла акцыя салідарнасці з Charlie Hebdo



Пікет салідарнасці з загінулымі ў Парыжы журналістамі адбыўся каля амбасады Францыі. Сярод яе ўдзельнікаў – лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Палітык адзначыў, што акцыя доўжылася 40 хвілін, яе правядзенню ніхто не перашкаджаў:

– Мы яе пачалі, і мы я завяршылі. Так, што я лічу гэта такой маленькай перамогай таму, што ў апошнія гады пасля 2010 года ўсё забараняецца і нічога не дазваляецца – такая маленькая перамога ў мяне самога. Акрамя міліцыянтаў да нас ніхто не падыходзіў, яны зрабілі заўвагу, прайшла такая дыскусія, але яны не перашкаджалі фізічна.

Палітык кажа: „Тое, што адбылося ў Парыжы – гэта найперш пытанне свабоды слова. Таксама і пытанне тэрарызму стаіць у парадку дня Еўропы, і мы, як частка Еўропы, павінны прымаць удзел у вырашэнні гэтай сітуацыі. Агулам жа пытанне тэрарызму актуальнае і для Беларусі”:

– У Беларусі больш трэба весці размову пра дзяржаўны тэрарызм таму што тое, што робяць асобныя нейкія групоўкі ў Францыі, у іншых краінах, то ў нас робіць дзяржава. Таму я падкрэсліваю, для нас гэта яшчэ больш актуальная праблема – праблема дзяржаўнага тэрарызму ў Беларусі. А тэрарызм звязаны з радыкальнымі дзеяннямі, навязваннем нейкай сваёй пазіцыі, канешне гэта жахліва і я думаю, што патрэбна пераасэнсаванне таго, што адбывалася ў Еўропе і што можа быць.

Сёмага студзеня ў Парыжы адбылася атака на рэдакцыю французскага часопіса Charlie Hebdo. Трое ўзброеных нападнікаў з крыкамі “Аллах акбар” і “Мы адпомсцім за прарока” адкрылі агонь па людзях у рэдакцыі. Загінулі 12 чалавек. Раней часопіс надрукаваў карыкатуры на прарока Мухамеда. Пазней адбыўся яшчэ адзін тэракт – у кашэрнай краме. Агулам у двух тэрактах загінулі 17 чалавек.

pik2_150114353

Беларускае Радыё Рацыя