У Менску прайшла акцыя ў падтрымку затрыманага блогера Ціханоўскага



Прыблізна два дзясяткі чалавек у раёне менскай вуліцы Няміга ўвечары 6 мая правялі акцыю ў падтрымку затрыманага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Прамую трансляцыю ў YouTube з месца падзеі вёў Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот). Прысутныя патрабавалі вызвалення Ціханоўскага, які вядзе youtube-канал „Краіна для жыцця”. Іх прыйшоў падтрымаць в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Ціханоўскі быў затрыманы 6 мая пад Магілёвам. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, затым амапавец пагражаў разбіць шкло ў аўтамабілі. Усё гэта блогер дэманстраваў у прамым эфіры, які перапыніўся. Сябры блогера паведамілі, што яго затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку. Ціханоўскі на жылым аўтамабілі з лагатыпам „Рэальныя навіны” больш за месяц ездзіў па краіне і праводзіў сустрэчы з падпісчыкамі канала, запісваў відэа аб праблемах розных людзей і рабіў сюжэты.

Сваякам Ціханоўскага пазней паведамілі, што ён дастаўлены ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання.

Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, разам з блогерам былі затрыманыя кіроўцы Сяргей Лазарэнка і Андрэй Ільюк. Яны былі дастаўленыя ў АУС Магілёўскага раёна, дзе знаходзіліся ад 13-й да 19-й гадзіны, затым іх адпусцілі без складання пратаколаў. Акрамя таго, стала вядома аб знікненні брэсцкага відэаблогера Сяргея Пятрухіна (вядзе канал „Народны рэпарцёр”).

5 мая падчас наведвання палігона для выпрабаванняў мабільных машын Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашэнка, каментуючы „негатыўную рэакцыю з боку некаторых СМІ і тэлеграм-каналаў” рашэння правесці парад 9 мая, заявіў: „Калі на твой адрас сыплюць абвінавачанні, выстаўляюць версіі, вядома, трэба рэагаваць”. Паводле яго слоў, рэакцыя павінна быць своечасовай, мэтанакіраванай і адэкватнай.

belapan.by