У Менску прайшла роварная канферэнцыя гарадоў Беларусі



Ровар становіцца ўсё больш прывабным сродкам перасоўвання для жыхароў Беларусі, а таксама сямейнага адпачынку.

Колькасць раварыстаў у сталіцы і рэгіёнах імкліва павялічваецца з кожным новым сезонам, але разам з гэтым перад імі паўстаюць і новыя выклікі, бо гарадская прастора мусіць быць адаптаваная для зручнага і безбар’ернага перасоўвання, а гэта далёка не заўсёды так.

12 траўня ў Менску прайшла вялікая канферэнцыя, прысвечаная роварнаму руху ў гарадах Беларусі. Сваім вопытам прыехалі падзяліцца і міжнародныя спікеры Швецыі, Літвы ды Расеі з паспяховым досведам увядзення ровара як транспартнага сродка зручнага для людзей і стварэння належных умоў.

Аляксей Ландрэс грамадскі дзеяч і велавандроўнік заўважыў, што бачыць апошнім часам змены марудныя, але паступовыя змены ў лепшы бок:

– Як велавандроўнік і чалавек, які ездзіць на ровары на працу і наўпрост трэніруецца заўважаю, што мы рухаемся наперад, ёсць пазітыўная тэндэнцыя. Але на дадзены момант велапарковак ўсёадно не хапае. Я усё-ткі думаю, што людзі не ездзяць на ровары ў школу, універсітэт або на працу ў асноўным таму, што для гэтага няма патрэбных умоваў – інфраструктуры. Нават уладальнікі бараў, рэстаранаў, кінатэатраў або крам павінны разумець, што людзі часцей будуць прыязджаць на ровары таму, што гэта амаль бясплатна. Гэта транспарт, які не патрабуе паліва. І на ім можна перавезці пакупкі, да таго ж гэта карысна для здароўя. Проста паставіўшы велапаркоўкі каля сваіх устаноў бізнесмены магу прастымуляваць людзей больш часу праводзіць на ровары.

Пытанні бяспекі і інфраструктуры пакуль стаяць даволі востра ў Беларусі.

Мясцовыя ўлады не заўсёды разумець мэтазгоднасць выдаткаў на пашырэнне колькасці парковак для ровараў, якасных веласцяжынак і папулярызацыі самога руху, як альтэрнатывы грамадскаму транспарту ды машынам.

Аднак „Менскае роварнае таварыста” мае прыклад паспяховага ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі структурамі на карысць аматараў здаровага ладу жыцця”, – адзначае старшыня арганізацыі Павал Гарбуноў:

– Калі так звонку паглядзець, то мы зараз знаходзімся на пераломе. Ровар ужо не ўспрымаецца толькі як сродак адпачынку. Шмат для каго гэта ўжо транспарт. Ёсць дадзеныя па Менску: у летні перыяд каля 30% роварных паездак робіцца з ўтылітарнымі мэтамі. Мы таксама спецыяльна прывезлі на гэтую канферэнцыю экспертаў з Літвы ды Расеі, каб яны распавялі пра свой досвед – дзе ў іх цяпер ездзяць раварысты. Гэтая практыка карысная і для супрацоўнікаў дзяржаўных структур. Насамрэч, з уладай камунікаваць трэба і магчыма. У нас ёсць паспяховы прыклад. Разам з ДАІ Менска мы экспертна працуем над інфраструктурай, з Упраўленнем спорта і турызма Мінгарвыканкама таксама ў нас ідуць супольныя працы. Нас запрашаюць некаторыя адміністрацыі раёнаў горада на працоўныя групы.

З’яўленне веласцяжынак і адаптацыі прасторы павінна быць таксама ўпісана ў стратэгію развіцця гарадской прасторы, план прац па добраўпарадкаванні асобных раёнаў.

У гэтым сэнсе Беларусь паступова пераймае досвед еўрапейскіх краінаў, дзе раварысты даўно інтэграваныя  ў гарадскую інфраструктуру і пачуваюцца камфортна, як і іншыя ўдзельнікі транспартнага руху.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск