У Менску прайшоў „Банкер-Фэст” памяці Уладзіміра Банько
Сябры літаратара, музыкі і перформера Уладзіміра Банько зладзілі ў музеі-майстэрні Заіра Азгура фестываль памяці славутага творцы беларускага андэграўнда.
У музычных колах ён быў вядомы як Вова Банкер, у паэтычных – як Ярыла Пшанічны.
На імпрэзе быў прэзентаваны пасмяротны зборнік яго вершаў „Атамная лучына”, аздоблены графічнымі працамі аўтара і фотаздымкамі. Назву кнізе дала аднайменная паэма – сатырычны водгук паэта на экалагічныя праблемы сучаснасці.
Кажа літаратар ды выдавец Зміцер Вішнёў:
– Параўнаць паэзію Уладзіміра і тое, каб хтосьці заняў яго месца, гэтую нішу, сёння не выпадае. Ён быў вельмі востры, вельмі сацыяльны, які правакаваў. Гэта быў чалавек-аркестр, які займаўся перформансамі, музыкай, літаратурай. Выйшла пасмяротная кніга, у ёй шмат графічных прац і сабраны лепшыя вершы. Яна напісана адмыслова на трасянцы. Ён абраў гэту мову і пісаў на ёй мэтанакіравана.
Уладзімір Банько пайшоў з жыцця ў красавіку 2015 года. Ён быў стваральнікам ды ўдзельнікам шматлікіх музычных праектаў, адным з пачынальнікаў беларускага індастрыэла. Найбольшую вядомасць набыў дзякуючы сваёй эксперыментальнай электроннай музыцы.
Падчас фестывалю таксама адбыўся паказ дакументальнага фільма Улада Бубна „Касмічны Пшанічны” ды выступы шматлікіх сяброў творцы, а таксама адкрыццё выставы графікі “Далікатэсы”.
[Not a valid template]
Падрабязней слухайце ў далучаным файле:
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фот аўтаркі