У Менску прайшоў канцэрт „Рок за жыццё”



Гэтым пачаўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання, лозунг якога сёлета: “Правасуддзе без забойства”. Праз канцэрт музычныя гурты даносяць сваю пазіцыю: яны супраць смяротнага пакарання. Сярод музыкаў ёсць і тыя, хто далучаецца да “Рока за жыццё” упершыню — гэта малады гурт “Люты Сакавік”.

Кажуць удзельнікі Эрык Арлоў-Шымкус і Уладзь Лянкевіч:

– Нельга не падтрымаць гэтага таму, што наша цывілізацыя дасягнула таго ўзроўню развіцця, калі мы можам адказваць за людзей, якія ў нашым грамадстве. Вось гэтае зуб за зуб, вока за вока, чым па сутнасці з’яўляецца смяротнае пакаранне, мне здаецца, што гэта нешта такое старазапаветнае. Часы ўсё ж такі змяніліся.

– Ужо шмат год незалежнай Беларусі, але ніяк сітуацыя са смяротным пакараннем не змяняецца. Такія падзеі культурніцкага кшталту дапамагаюць больш звярнуць увагу грамадскасці.

Падтрымаць канцэрт прыйшлі і вядомыя асобы, сярод якіх Дыдзье Канес, амбасадар Францыі ў Рэспубліцы Беларусь:

– Смяротнае пакаранне – гэта парушэнне першага з правоў чалавека, права на жыццё. Смяротнае пакаранне  – гэта пакаранне, якое супраць годнасці чалавека. Гэта пакаранне, якое не прыносіць ніякай карысці грамадству, бо ахвяраў не вернеш праз смяротнае пакаранне. Ужо даўно даказана, што смяротнае пакаранне не застрашвае злачынцаў.

6-га красавіка канцэрт перамяшчаецца ў Магілёў, у клуб “Куба”.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае ўсіх далучыцца да Тыдня супраць смяротнага пакарання і выказаць сваю падтрымку, размясціўшы ў сацыяльных сетках адпаведны пост з хэштэгам #we4life2019.

Беларускае Радыё Рацыя