У Менску прайшоў пікет кандыдаткі ад БХД Галіны Каржанеўскай
У Менску адбыўся пікет кандыдата ў дэпутаты Менскага гарадскога Савету дэпутатаў ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Галіны Каржанеўскай. На пляцоўцы каля сталічнага Рынка Заходні актывісты Хрысціянскай Дэмакратыі праводзілі выбарчую агітацыю, а таксама, збіралі подпісы за паляпшэнне якасці вады ў Фрунзенскім раёне Менска. Працягвае кандыдат у дэпутаты Менгарсавету, Галіна Каржанеўская:
— Што такое выбары я добра ведаю як назіральнік. Так усё актыўна, падрыхтоўка ідзе на ўсіх узроўнях: і камісіі, і назіральнікі. Да падліку. Як толькі пойдзе падлік, выбараў ужо няма. Я цвяроза і рэальна гляджу на ўсё, што адбываецца, але не лічу, што трэба ляжаць на канапе, лаяць уладу ды нічога не рабіць.
Мінакі жвава рэагавалі на перадвыбарчы пікет Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Наведвальнікі рынку ахвотна дзяліліся сваім меркаваннем наконт надыходзячых выбараў:
— Гэта не выбары а імітацыя. Насамрэч гэтых кандыдатаў падбіраюць аддзелы кадраў райвыканкамаў.
— Мы ж бядота і не можам нават ужо ездзіць. Увогуле, наколькі цяжка ў нашай краіне выжыць самотнаму пенсіянеру, не перадаць словамі.
— Не ведаю і ведаць іх не хачу. Усе лезуць у дэпутаты толькі плёну ніякага. Працаваць трэба, не проста паступаць у дэпутаты, а працаваць.
— Мы расчараваліся ў мясцовай уладзе, бо яна практычна бяздзейная. Намі кіруюць з гары. Што дэпутату сказалі, тое ён і зробіць.
Датэрміновае галасаванне распачнецца ўжо ў аўторак 13-га лютага і завершыцца напярэдадні выбараў 17-га лютага. Участкі для датэрміновага галасавання будуць працаваць з 10 да 14 гадзіны, а таксама з 16 да 19 гадзіны.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара