У Менску прайшоў пікет супраць закона аб адмене адтэрміновак
Пікет супраць закона аб адмене адтэрміновак ад войска для атрымання другой ступені вышэйшай адукацыі прайшоў 19 жніўня ў менскім Тучынскім скверы. Трансляцыя акцыі вялася ў інстаграм-акаўнце руху ProtestBy.
Пікет быў арганізаваны ўдзельнікамі руху, ініцыяванага Дзянісам Ціханенкам, памочнікам дэпутата Ганны Канапацкай. Мерапрыемства было ўзгодненае з мясцовымі ўладамі.
У пікеце ўзялі ўдзел чатыры чалавекі. Яны трымалі плакаты „Служыць, служыць і служыць”, „Не дыплом упрыгожвае чалавека, а чалавек фарбуе траву”. Таксама прысутныя скандавалі лозунг „Вучоба важнейшая!”.
„Каб цалкам авалодаць сваёй спецыяльнасцю, трэба цалкам адвучыцца на дзвюх ступенях (бакалаўр і магістр. — БелаПАН.). Цяпер нас спрабуюць пераканаць, што магістратура не з’яўляецца абавязковай і ніколі ёй не была. У нас проста адымаюць кавалак ведаў”, — заявіў актывіст.
Пікет доўжыўся каля 20 хвілін. На месцы прысутнічалі медыкі і праваахоўнікі ў цывільным.
Закон „Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы” быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 24 ліпеня. Дакумент прадугледжвае даванне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама аднаразовай адтэрміноўкі для атрымання першай адукацыі, якая дазваляе атрымаць спецыяльнасць або прафесію. Такім чынам, выпускнікі навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнага профілю да навучання ў ВНУ і выпускнікі ВНУ — бакалаўры да навучання ў магістратуры або аспірантуры павінны будуць адслужыць у войску.
belapan.by