У Менску прайшоў шматтысячны Партызанскі марш (абноўлена)



18 кастрычніка ў Менску чарговы раз на дэманстрацыю выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Мірны марш на гэты раз прайшоў Партызанскім праспектам. Найбольшая калона прайшла праз Серабранку ў Чыжоўку, іншая прайшла праспектам да ўнівермага „Беларусь”. Лукашэнкаўскія карныя структуры зноў вывелі на вуліцы тысячы сілавікоў і соткі адзінак тэхнікі. Супраць мірных людзей ужывалі святлошумавыя сродкі, зноў былі соткі затрыманых.

Асноўная частка дэманстрантаў дайшла да скрыжавання праспекта Ракасоўскага з вуліцай Малініна, пасля чаго людзі пачалі разыходзіцца.

Тым часам адбыліся затрыманні ўдзельнікаў маршу, якія знаходзіліся ў хвасце калоны. Паводле слоў відавочцаў, гэта адбылося каля перасячэння праспекта Ракасоўскага з вуліцай Пляханава. Людзей затрымлівалі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС, начальнік якога — Мікалай Карпянкоў — 16 кастрычніка па тэлеканале „Беларусь 1” абяцаў „гуманна ўжываць зброю, у тым ліку і агнястрэльную”, у дачыненні да пратэстоўцаў.

Карыстальнікі сацсетак паведамляюць, што працягваюцца затрыманні на Партызанскім праспекце ў раёне мотавелазавода, прычым людзей затрымліваюць бессістэмна.

Паведамляецца таксама, што па праспекце Ракасоўскага, у бок Малініна, паехала прыкладна 20 міні-аўтобусаў з сілавікамі і аўтазак.

Група дэманстрантаў падышла бліжэй да кардона сілавікоў, як мінімум аднаго чалавека затрымалі. Пасля гэтага ўдзельнікі маршу павярнуліся і рушылі ў адваротны бок па Партызанскім праспекце.

Як паведамляюць карэспандэнты БелаПАН, якія цяпер знаходзяцца ў хвасце калоны, наперадзе, з боку ўнівермага „Беларусь”, пачуліся стрэлы і выбухі — не выключана, што гэта была святлошумавая граната. Нягледзячы на гэта, людзі працягваюць ісці наперад.

У раёне станцыі метро „Аўтазаводская” сілавікі перакрылі Партызанскі праспект. Там выстаўлены кардон з металічных загарод, за якімі стаяць байцы, а за імі — вадамёты.

Нягледзячы на міліцэйскія папярэджанні, якія гучалі каля ўнівермага „Беларусь”, удзельнікі Партызанскага маршу працягнулі рух наперад. Цяпер яны набліжаюцца да кардона сілавікоў.

Тым часам у пачатку Партызанскага праспекта працягваюцца затрыманні. Невядомыя ў балаклавах бессістэмна хапаюць людзей, якія ідуць па тратуары.

Каля ўнівермага „Беларусь” міліцыя праз гучнагаварыцель папярэджвае дэманстрантаў пра незаконнасць правядзення акцыі. Людзі не разыходзяцца.

Відавочцы паведамляюць пра тое, што ў бліжэйшых дварах шмат сілавікоў са зброяй. У бок універмага рушылі сілавікі са шчытамі. Паведамляецца таксама, што наперадзе, метрах за 300-400, вялікая колькасць ваеннай тэхнікі.

На Партызанскім праспекце пачаліся затрыманні. Тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў раёне перасячэння праспекта з вуліцай Кашавога, каля ГЦ „Ленінград” і насупраць мотавелазавода.

Тым часам галава шматтысячнай калоны ўдзельнікаў маршу падышла да ўнівермага „Беларусь”, паведамляюць карэспандэнты БелаПАН. Людзі скандуюць „Жыве Беларусь”, „Верым, можам, пераможам!”, „Лукашэнку ў аўтазак”, „Пайшоў прэч”, „Хабараўск, прывітанне” і іншыя лозунгі.

Відавочцы паведамляюць, што па Партызанскім праспекце рухаецца яшчэ адна калона дэманстрантаў, якая спрабуе дагнаць асноўную.

На плошчы Ванеева да ўдзельнікаў Партызанскага маршу далучыліся дэманстранты, якія ішлі з боку мікрараёна Серабранка, і цяпер шматтысячная калона ідзе па Партызанскім праспекце ў бок універмага „Беларусь”.

Там, як паведамляюць відавочцы, сканцэнтраваная ваенная тэхніка — машыны „Рубеж” і машыны з калючым дротам.

Пад’езды да Партызанскага праспекта з розных бакоў плошчы Ванеева перакрытыя.

Пасля праходу асноўнай масы ўдзельнікаў Партызанскага маршу ў раёне Велазаводу, людзі ў чорным не даюць далучацца да маршу дробным групам з раёнаў. Менчукі, якія збіраліся далучыцца да калоны, разбягаюцца, а пасля групамі вяртаюцца дахаты. Такім чынам кантроль сілавікамі вядзецца з двух бакоў Партызанскага праспекта, без уліку „засадаў” на шляху.

15.20. Калона прайшла плошчу Ванеева.

15.10. Галава менскай калоны падышла да скрыжавання з вуліцай Кашавога. Тут да яе далучаюцца калоны з іншых раёнаў сталіцы.

15.00. Пачатак калоны ўдзельнікаў пратэсту на перасячэнні Партызанскага праспекту з вуліцай Даўгабродскай. Канца калоны не відаць. Усяго ў дэманстрацыі бяруць удзел ужо дзясяткі тысяч чалавек.

14.55. У Менску ў раёне кінатэатру „Ракета” людзі на нейкі час спыніліся і чакалі пакуль калона павялічыцца. Пасля гэтага рушылі далей па Партызанскім праспекце. Рух транспарту перакрыты ў абодва бакі. Людзі скандуюць „Жыве Беларусь!”.

14.48. Пратэстоўцы занялі праезную частку каля Мота-Вела-Заводу і скандуюць „Забастоўка!”. На вуліцы Куляшова вялікая колькасць сілавікоў. Колькасць дэманстрантаў ужо ацэньваецца дзясяткамі тысяч.

14.45. Калона пратэстоўцаў на Партызанскім праспекце вырасла прыблізна да 5 тысяч чалавек. Людзі пайшлі па праезнай частцы дарогі.

14.40. Некалькі соцень чалавек выстраіліся ў ланцуг з бел-чырвона-белымі сцягамі ў раёне гандлёвага цэнтру „Ленінград”.

14.35. ДАІ перагарадзіла вуліцу Леніна ў раёне КЗ „Менск”. У раёне вуліцаў Свердлава, Ульянаўскай, Леніна людзі кіруюцца ў бок Партызанскага праспекту.

14.25. На скрыжаванні Партызанскага праспекту і вуліцы Леніна ўжо ўтварылася калона з сотняў людзей з нацыянальнымі сцягамі. Агульная колькасць пратэстоўцаў ужо ацэньваецца ў тысячу чалавек.

14.10. Ля станцыі метро „Партызанская” адбыліся першыя затрыманні. Імаверна іх здзейснілі супрацоўнікі ГУБАЗіка.

14.08. У Менску зноў знік мабільны інтэрнэт.

Зачыненыя станцыі метро Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Купалаўская, Няміга, Першамайская і Пралетарская. Пра гэта паведамляе метрапалітэн.

Многія Тэлеграм-каналы заклікаюць далучацца да Партызанскага маршу. Гэткі назоў атрымала штонядзельная масавая акцыя. Пачатак а 14-00 ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

Цытата са звароту: «Выходзьце ў цэнтры вашых населеных пунктаў на мірныя шэсці. Калі вас мала альбо вам не даюць сабрацца, падтрымайце Менск ланцугамі салідарнасці па ўсім горадзе». У Менску марш пройдзе па Партызанскім праспекце. Збор у раёне вуліц Свердлава, Ульянаўскай і Леніна. Яшчэ цытата: «Калі на вашым шляху кардон, абыходзьце яго і па прылеглых вуліцах вяртайцеся на маршрут у любой кропцы. Не давайце загнаць сябе ў тупік!».

Аўтары звароту нагадваюць пра тры пункты Народнага ўльтаматуму: адстаўка Лукашэнкі, вызваленне палітзняволеных, расследванне злачынстваў сілавікоў. Сёння 71-ы дзень паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі, да выканання Народнага ўльтыматуму, выстаўленага Святланай Ціханоўскай, застаецца 8 дзён.