У Менску праходзіць канферэнцыя, прысвечаная праблемам журналістыкі



Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам прафесійнай этыцы журналістаў, праходзіць гэтымі днямі ў Менску.

Галоўныя тэмы канферэнцыі прысвечаныя цэнзуры ў інтэрнэце, журналісцкай этыцы, стандартам журналістыкі ва ўмовах канфліктаў, а таксама аўтарскаму праву і самарэгуляванню СМІ.

bastunets-baj_9_zezd-800x400

Праблема прафесійнай этыкі не губляе сваёй вастрыні ў кожнай краіне свету, кажа старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Андрэй Бастунец.

– Тэма прафесійнай этыкі – гэта пытанне, якое стаіць перад усімі журналістамі ва ўсім свеце. Дарэчы, у гэтай канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі шматлікіх краін. Пытанне самарэгулявання для мяне мае вялікую вагу, таму што гэта тое, што, на мой погляд, мусіць быць больш значным для журналіста, чым дзяржаўнае кіраванне. Не трэба даваць дзяржаве магчымасцяў кантраляваць нас, лепш мы гэта зрабілі б самі.

Удзел у канферэнцыі бяруць прадстаўнікі абедзвюх журналісцкіх арганізацый, а таксама эксперты са Швецыі, Украіны, Грузіі, Казахстана, Таджыкістана, Арменіі і Расеі. Да ўдзелу ў канферэнцыі таксама запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя