У Менску праходзіць ХІ справаздачна-выбарны з’езд БНП
Каля 60 дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны ўдзельнічаюць у XI справаздачна-выбарным з’ездзе Беларускага незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў (БНП), які праходзіць 20 красавіка ў Менску.
Фота Міколы Шараха.
На парадку дня з’езда стаяць справаздачы старшыні, віцэ-старшыні, сакратара-скарбніка, старшыні кантрольна-рэвізійнай камісіі прафсаюза; выбары новага кіраўніцтва БНП, а таксама прыняцце заяў, зваротаў, рэзалюцый і выніковай пастановы з’езду.
Беларускі незалежны прафсаюз быў утвораны 6 кастрычніка 1991 года пад назвай Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі. Цяперашняе найменне было зацверджанае на пазачарговым з’ездзе 3 чэрвеня 1993 года ў Салігорску.
Сёння БНП з’яўляецца самым буйным незалежным прафсаюзам Беларусі, аб’ядноўваючы каля 4 тыс. працоўных. Першасныя прафсаюзныя арганізацыі створаныя пры галаўным прадпрыемстве і рудаўпраўленнях ААТ „Беларуськалій” (Салігорск), на ААТ „Мазырскі НПЗ”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Нафтан” (Наваполацк), ААТ „Белшына” (Бабруйск) і інш.
З красавіка 2011 года БНП узначальвае Мікалай Зімін.
Беларускі незалежны прафсаюз уваходзіць у склад Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, які ў сваю чаргу з’яўляецца членам Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.
belapan.by