У Менску прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты (абноўлена)



У Менску прайшло шэсце на Дзяды – дзень памяці продкаў. Шэсце і мітынг у мэмарыяльным комплексе Курапаты  былі санкцыянаваныя ўладамі. Але калону суправаджаў на машыне генерал-маёр, начальнік менскай міліцыі Іван Кубракоў. Акцыю зверху ўвесь час здымаў чыйсьці дрон. Па звестках удзельнікаў акцыі, кіроўцаў некаторых машын, якія сігналілі дэманстрантам у знак салідарнасці, спыняла і штрафавала ДАІ.

***

Кажа Валеры Буйвал, сакратар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ:

На гэтым месцы, на тэрыторыі народнага мемарыялу ў Курапатах, людзі далучыліся да нашай трагічнай памяці, ушанавалі нашых пакутнікаў, пакутнікаў нашага народу. У наш няпросты, такі мутны час, калі здаецца некаторым, што ўжо фальш, цемра захапілі ўладу над нашай краінай, вельмі важна, што знаходзяцца сотні людзей, грамады людзей-патрыётаў, якія імкнуцца ў нашы святыні, злучаюцца і аб’ядноўваюцца.

Падчас шэсця і мітынгу, прымеркаванага да Дня продкаў Дзяды, шмат удзельнікаў выказаліся супраць працэсаў паглыбленай інтэграцыі, якія кіраўніцтва Расеі навязвае Беларусі. Гэтыя працэсы, па іх меркаванні, вядуць да страты незалежнасці. Адна з удзельніц мерапрыемства, Святлана Каваленка, несла плакат – “Не пускайце звера ў хату”, маючы на ўвазе кіраўніцтва Расеі. Яна нагадвае, што 8 снежня, на 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы, плануецца зацвердзіць нейкія новыя пагадненні.

Святлана Каваленка: Зараз яны збіраюцца нешта падпісваць 8 снежня, нейкія дакументы, якія яны трымаюць у сакрэце. Што яны будуць прадаваць на гэты раз, за якія грошы? Зразумела, што гэта мяне пужае, гэты звер – Расейская федэрацыя, які ўжо даўно цягне лапы да нашай краіны, які ніяк не хоча адпусціць нас ад сябе. Ён ходзіць вакол, ён кантралюе, ён заглядае нам у вокны, суне свае лапы ў нашы справы. Але сама страшнае, што можа здарыцца з намі – калі гэты звер ужо будзе тут у нас у хаце.

Былы палітзняволены, анархіст Зміцер Паліенка, які тыдзень назад, пасля 7 месяцаў няволі, быў вызвалены са следчага ізалятару ў сувязі з прысудам да абмежавання волі, прыняў удзел у шэсці і мітынгу на Дзяды. Традыцыйна ў гэты дзень у Менску адбыліся шэсце да мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах і мітынг там. Зміцер Паліенка разам з паплечнікамі-анархістамі падчас шэсця і мітынгу нагадаваў пра палітзняволеных у сучаснай Беларусі і збіраў грошы ў іх падтрымку.

Зміцер Паліенка: Чаму тут зараз на акцыі? Таму што, карыстаючыся момантам, хачу дапамагчы сваім сябрам-паплечнікам, іншым палітзняволеным, якіх на жаль многія праваабаронцы не прызнаюць палітычнымі. Мікіта Емельянаў, Ілья Валавік, Міхаіл Жамчужны, Вадзім Бойка, Варановіч – вось мы збіраем на іх зараз сродкі: на перадачы, аплату адвакатаў, іншае. Канешне, зараз не таталітарызм, але аўтарытарызм, дыктатура і ўсё тыя ж рэпрэсіі. Толькі людзей не забіваюць, але садзяць іх за краты, прэсуюць, штрафуюць…

У Менску адбываецца шэсце, прымеркаванае да Дня памінання продкаў Дзяды. Каля 300 дэманстрантаў пад шматлікімі бел -чырвона- белымі сцягамі рухаюцца да мемарыялу Курапаты, дзе пахаваны шматлікія ахвяры рэпрэсій сталінскіх часоў. Мерапрыемства арганізавана Кансерватыўна Хрысціянскай партыяй БНФ, але ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі і іншых дэмакратычных партыяў і арганізацый Беларусі. Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец ужо каля 20 разоў удзельнічае ў менскіх «Дзядах»

– Я хадзіў на ўсе Дзяды, акрамя тых гадоў, калі сядзеў. Таму з 1995 года, калі я ўпершыню паўдзельнічаў у Дзядах, вось гэта трэці дзясятак ужо. З Дзядоў, з мітынгу і шэсця на Дзяды, пачаўся беларускі нацыянальны рух у найноўшай гісторыі. Хаця б дзеля гэтага трэба выходзіць на гэтыя Дзяды кожны год. Акрамя таго ў нас ёсць велізарная праблема нераскаянасці камунізму, ёсць велізарная праблема таго, што людзі, забітыя камуністамі, забытыя. А калі гэта забытае, мы будзем асуджаныя вяртацца да камунізму ў розных формах.

А закрыць яго можна вельмі проста – памятаць пра несправядліва забітых людзей, пакаяцца ў грахах камунізму і асудзіць гэтую злачынную ідэалогію. Калі гэта будзе зроблена, то чырвоныя старонкі ў гісторыі Беларусі будуць перагорнутыя, – лічыць Павел Севярынец.

***

У Менску пачалося шэсце ў Курапаты – месца забойства і пахавання дзясяткаў тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Яно прымеркавана да Дня памяці продкаў «Дзяды».

Калона прыкладна з 300 чалавек у 12 гадзінаў рушыла ад скверу на бульвары Талбухіна па праспекту Незалежнасці, затым вуліцай Каліноўскага ў бок Курапатаў. Дэманстранты скандуюць «Жыве Беларусь!», спяваюць патрыятычныя песні. Над калонай шмат бел– чырвона -белых сцягоў і лозунгаў.

Арганізавала шэсце і мітынг Кансерватыўна Хрысціянская партыя БНФ. Намеснік яе старшыні Юрась Беленькі кажа, што сотні людзей, якія ідуць да Курапатаў, разумеюць глыбінны сэнс Дзядоў:

– Яны разумеюць вось гэтую жыццядайную ідэю, ідэю пераемнасці ад мінулых пакаленняў, пашаны да мінулых пакаленняў, вось такое перакідванне гэтай ідэі, мастка да будучых пакаленняў. Гэта вельмі добра, што з такім настроем кожны год выходзяць людзі. Я б сказаў так, што тут эліта нашай нацыі, людзі ахвяруюць часам, і не проста прайсці такі шлях, гэта і фізічная нагрузка. Гэта вельмі добра, што ёсць людзі здольныя да ахвярнасці. Жыве Беларусь!

Пасля шэсця, прыкладна ў 15 гадзінаў у мемарыяле Курапаты адбудзецца мітынг.

Беларускае Радыё Рацыя