У Менску праходзіць трэцяя «Бітва стартапаў»
Беларусь добра вядомая ў свеце як краіна высокакваліфікаваных праграмістаў – не адзін дадатак быў распрацаваны беларускімі адмыслоўцамі, а затым куплены сусветнымі гульцамі на IT-рынку. Для рэалізацыі ідэяў патрэбныя добрыя інвестыцыі, таму «Бітва стартапаў» і карыстаецца вялікай папулярнасцю ад пачатку яе правядзення ў 2015 годзе – тут збіраецца вялікая колькасць як распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння, так і інвестараў з розных краін свету, у тым ліку са Злучаных Шататаў – са знакамітай Крэмніевай даліны. На трэцяй канферэнцыі прадстаўніком мабільнага аператара Velcom Мікалаем Мельнікавым было заяўлена, што кампанія прыняла рашэнне паступова мяняць галоўны накірунак дзейнасці і больш звяртаць увагу на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
– Чаму стартапы цікавыя для нас? Сёння ў свеце ўсё змяняецца вельмі хутка. І стартапы – гэта тыя праекты, тыя людзі, якія дазваляюць вельмі хутка перайсці ад ідэі да нейкая новага праекта таго, што адбываецца ў свеце, змяняецца. І яны паляпшаюць наша жыццё. Кампанія Velcom стараецца ісці ўслед за рынкам, дзесьці задаваць трэнд. І мы хочам стаць у Беларусі такім надзейным партнёрам для маладых людзей, для такіх стартапаў, як гэта робяць сусветныя партнёры, напрыклад, Amazon, Microsoft, Google, якія прадстаўляюць рэсурсы для развіцця такіх праектах.
Прадстаўнік амерыканскай інвестыцыйнай кампаніі з Крэмніевай даліны Вал Джэрдэс зазначае бліскучую падрыхтоўку беларускіх праграмістаў. Паводле Джэрдэса, чыя кампанія таксама пачынала са стартапаў, інтэлект беларускіх адмыслоўцаў мае большы патэнцыял для эканомікі краіны, чым, напрыклад, сыравіна для суседняй Расеі.
– Мы лічым, што добра мець нафту, экспартаваць яе, але жамчужына эканомікі – гэта мазгі. І іх не трэба экспартаваць – на якіх можна вельмі шмат зарабіць.
З мінусаў беларускіх стартапаў Вал Джэрдэс зазначае толькі недахоп яскравай «абгорткі» – на Захадзе прэзентацыя ідэі павінна змясціцца ў тры хвіліны і за гэты час захапіць разбэшчанага прапановамі інвестара.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск