У Менску праходзяць ператрусы ў сацыяльных актывістаў
Раніцай 26 верасня супрацоўнікі крымінальнага вышуку праводзяць шэраг ператрусаў у сацыяльных актывістаў Менска.
Ілюстратыўнае фота
Праваабаронцам вядома, што вобшук праходзіць у доме выканаўчага дырэктара грамадскага аб’яднання “Экадом” Марыны Дубінай, журналісткі-фрылансера Марыны Кастылянчанка, некаторых іншых актывістаў анархісцкага руху. Пад час вобшуку канфіскаваныя кампутары, сродкі мабільнай сувязі і літаратура. Пра затрыманні пакуль невядома.
У сацыяльных сетках паведамляюць пра ператрус у Марыны Дубінай наступнае. “У 7-10 раніцы супрацоўнікі міліцыі зайшлі ў дом, дзе на той час знаходзілася пяць чалавек. Ператрус да гэтага часу не скончаны”.
Магчыма, вобшукі звязаныя з крымінальнай справай па частцы 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў), узбуджанай па факце падпалу кактэйлямі Молатава бігборда ў Івацэвічах 28 ліпеня. Па гэтай крымінальнай справе справе праходзяць двое сацыяльных актывістаў: жыхар Івацэвіч Ігар і мінчанін Кірыл. Тады група невядомых анархістаў спаліла рэкламны білборд. На білбордзе было напісана: «Сіла закона ў яго выкананні». Пазней відэа падпалу патрапіла ў сацыяльныя сеткі.
Праваабаронцы „Вясны” высвятляюць гэтую інфармацыю і адсочваюць сённяшнюю сітуацыю.