У Менску пратэставалі супрацоўнікі кампаніі “Фарт-плюс”
У Менску пратэставалі прадпрымальнікі, адначасова на другім баку плошчы Незалежнасці пратэставалі і некалькі дзясяткаў будаўнікоў з камерцыйнай кампаніі “Фарт-плюс”. Яны пікетавалі каля будынка сталічнага выканкаму. Цягам дзесяці гадоў яны будавалі, паводле дзяржаўнай дамовы, гандлёвы комплекс “Імпульс”, дзе мусілі зараз атрымаць і гандлёвыя месцы, але апынуліся ля разбітага карыта. Кажа супрацоўніца кампаніі Ірына:
– Калі комплекс пабудавалі цалкам, яны вырашылі спыніць інвестдамову і выкінуць нас з гэтага праекта. І мы з 2013 года судзімся. Прайшлі ўсе суды. Зараз закончыўся працэс у Вярхоўным судзе – тэатр “Маскі-шоу”, усё робіцца па званку, суд прыняў рашэнне скасаваць дамову. Нахабна людзей выкідваюць на вуліцу. Дзяржаўны захоп будынка. Мы, 160 чалавек, засталіся ні з чым. Як гэтай уладзе можна верыць і што гэта за ўлада? Гавару ўсяму свету: не ўкладвайце ў Беларусь ні капейкі, бо гэтыя бандыты ў вас усё забяруць! Як можна жыць і працаваць у гэтай краіне?!
Лісты пратэсту з подпісамі супрацоўнікаў “Фарт-плюс” перадалі менскім уладам. Самі пікетоўшчыкі пазней далучыліся да акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск