У Менску прайшла акцыя студэнтаў (абноўлена)
Два пратаколы ды перапісаныя дадзеныя для „асабістых размоваў”, але без затрыманняў. Так завершылася студэнцкая акцыя ў Менску – паведамілі ў нашым эфіры праваабаронцы. Студэнцкі марш „Любоў і справядлівасць” супраць увядзення ў БДУ платы за пераздачы прайшоў Менску. Студэнтаў сабралася няшмат. Паводле праваабаронцаў, максімальна 90. Нікога не затрымалі, але міліцыя выкарыстоўвала іншую тактыку, – паведамляе Уладзімір Андрыенка з Беларускага Хельсінкскага камітэту, які назіраў за акцыяй:
– Перапісвалі асабістыя дадзеныя ўдзельнікаў. Міліцыянты казалі, што для асабістых размоў. Назіральнікі папярэдзілі, каб удзельнікі не давалі сваіх дадзеных, таму што міліцыя парушае закон.
Планавалася таксама, што частка ўдзельнікаў акцыі прыйдзе на сустрэчу з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам, каб падаць спіс патрабаванняў студэнтаў, якія тычацца „адмены платных пераздач і адпрацовак”, „спынення ціску на студэнтаў”, „роспуску Асамблеі БДУ і стварэння новага органа студэнцкага самакіравання”. Аднак раніцай сайт БДУ паведаміў, што сустрэча кіраўніка ўстановы са студэнтамі пераносіцца на нявызначаны тэрмін.
* * *
У Менску студэнты ладзяць марш «Каханне і салідарнасць». Яны патрабуюць адмены платных пераздач і рэальнага студэнцкага самакіравання. У маршы ўдзельнічае некалькі дзясяткаў чалавек. Міліцыя складае пратаколы.
Як стала вядома, рэктар БДУ Сяргей Абламейка перанёс запланаваную на сёння сустрэчу са студэнтамі. На сайце ВНУ пазначана, што сустрэча пераносіцца “ў сувязі з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджанай інфармацыяй пра магчымыя правакацыі” і “ў мэтах забеспячэння бяспекі студэнтаў”.
Удзельнікі акцыі дайшлі да галоўнага ўваходу ўніверсітэта і скандуюць: «Дэкан, выходзь!» Студэнты разгарнулі дыван і скандуюць: «Рэктарат — на кавёр». Але да студэнтаў ніхто не выйшаў.
Надзеі на сустрэчу з рэктарам аказаліся марнымі. Адна дзяўчына кажа: «Я наогул апалітычная, палітыкай не цікаўлюся, але хацела пагаварыць з рэктарам».
Студэнты паціху разыходзяцца.
* * *
Сустрэча з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам, на якой студэнты збіраліся агучыць свае патрабаванні да кіраўніцтва ўніверсітэта, пераносіцца.
Прадстаўнікі руху #студэнтысупраць збіраліся пайсці на сустрэчу з Абламейкам, каб сказаць рэктару пра існыя праблемы і выказаць сваю пазіцыю. Яны патрабуюць адмены платных пераздач іспытаў і залікаў, спынення ціску на студэнтаў, роспуску Студэнцкай асамблеі БДУ і стварэння новага органа студэнцкага самакіравання.
На сёння запланаваны таксама «Марш студэнтаў», які ладзіць супольнасць #студэнтысупраць. Пакуль студэнтаў у скверы не назіраецца, як паведамляе «Наша ніва».
Фота nn.by