У Менску працягваюць збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг



У суботу, 1 кастрычніка, каля ўніверсама «Цэнтральны» на праспекце Незалежнасці ў Менску пройдзе акцыя па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, паведамляе «Салiдарнасць». Адзін з лідараў зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што на акцыю будуць запрошаны вядомыя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі культуры і мастацтва.

Нагадаем, што ідэя збору подпісаў была агучана падчас акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга», якая прайшла 19 верасня. З таго дня збор подпісаў праходзіць штодня ў падземным пераходзе станцыі метро «Кастрычніцкая».

24 верасня быў запланаваны публічны пікет насупраць універсама „Цэнтральны”, аднак напярэдадні акцыі сілавікі затрымалі яе арганізатараў. Нягледзячы на гэта, акцыя адбылася. Да «Цэнтральнага» прыйшлі мастак Алесь Марачкін, паэт Уладзімір Някляеў і пісьменнік Уладзімір Арлоў.

stsyag