У Менску прэзентавалі мапу Вайсковых могілак
130+ пахаванняў выбітных беларусаў, якія варта наведаць у Менску. Радыё Свабода падрыхтавала мапы Вайсковых, Кальварыйскіх і Усходніх могілак з пазначэннем месцаў пахавання беларусаў, якія прысвяцілі жыццё беларускай справе, культуры і беларускай мове. Праект называецца “Беларускі нацыянальны некропаль” і мае на мэце пашырэнне ведаў пра памерлых беларускіх дзеячоў ды ўшанаванне іх памяці. У межах прэзентацыі праекту 10 траўня прайшла адкрытая бясплатная экскурсія па Вайсковых могілках.
Распавядае адзін з аўтараў праекту – экскурсавод Павел Каралёў:
– Пра гісторыю тых людзей, якія тут спачываюць. Гэта не толькі пісьменнікі, паэты – Купала, Колас, Труc, Міхась Клімковіч, але яшчэ і архітэктары, і партыйныя дзеячы, як Чарвякоў, як Ігнатоўскі, гэта многія проста асобы, якія вартыя ўшанавання. Існуе пагроза для гэтых могілак. Зараз распрацоўваецца праект для гэтых могілак. Дзядкоў Мікалай – архітэктар. На жаль, канечне, выгляд могілак будзе змяняцца, і мы, канечне, хочам, каб яно рабілася мудра.
У межах праекту “Беларускі нацыянальны некропаль” выданы мапы-схемы менскіх могілак з пазначэннем месцаў пахаванняў. Усе мапы даступныя ў электронным і папяровым выглядзе.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара