У Менску прэзентавалі мастацкі каляндар “Добрыя жарты”



Да Новага, 2020 года, створаны мастацкі каляндар “Добрыя жарты”. Ён складаецца з 13-ці беларускіх народных прыказак, суаднесеных з кожным месяцам года (і плюс яшчэ адна да студзеня 2021 года). Прыказкі былі адабраныя з 8000 варыянтаў, а займаліся гэтым спецыялісты і наведвальнікі Менскага клубнага дому “Адкрытая душа”, што дапамагае людзям з псіхічнымі расстройствамі. Існуе ён пры Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў.

Ідэя стварэння каляндара ўзнікла ў адказ на пытанне “Як зрабіць так, каб людзі з захворваннямі псіхікі даведаліся б пра Клубны дом?”. У адным толькі Менску на ўліку па псіхічных расстройствах знаходзяцца каля 19 тысяч чалавек. Пра гэта кажа супрацоўніца Клубнага дому Кацярына Гузоўская-Гара:

– Гэтыя людзі часта сутыкаюцца з адзінотай, часам адчуваюць непаразуменне з боку грамадства. І ў нашай краіне, на жаль, на сённяшні дзень нейкіх сур’ёзных дзяржаўных праграм рэабілітацыі для гэтых людзей няма. Наш клубны дом існуе на добраахвоныя ахвяраванні. І нашай мэта было даць магчымасць большай колькасці людзей паказаць, што яны не адны, што ёсць месца, куды можна звярнуцца, дзе ім абавязкова дапамогуць, дзе іх абавязкова зразумеюць.

Таму календар “Добрыя жарты” – гэта сацыяльны праект. Ілюстрацыі да месяцаў-прыказак стварыла мастачка Таццяна Быц, а суарганізатарам выступіла кампанія А1.

Кіраўнік яе групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Віктар Пазнякоў адзначыў: партнёрства, якое атрымалася пры стварэнні праекта, – гэта вельмі важна.

– Асабіста мая ўлюблёная прыказка з гэтага календара: «У родным краю – як у раю». Таму хочацца каб заставаліся з гэтым адчуваннем, з адчуваннем роднасці, вось у такой цёплай суполцы, вось такой талакой. А таксама памяталі пра тых, каму вельмі патрэбная нашая дапамога, і ў прыватнасці Клубнаму дому «Адкрытая душа».

Прэзентацыя каляндара адбылася 18 снежня пры ўдзеле Івана Кірчука, лідара этна-трыа “Троіца”, які паказаў свой монаспектакль “Дарожка мая”.

Каляндар “Добрыя жарты” распаўсюджваецца вольна. Яго можна атрымаць у Клубным доме ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя