У Менску пройдзе карнавал „Viva ровар”



13 траўня ў Менску пройдзе міжнародны велакарнавал. Ужо па традыцыі тысячы раварыстаў праедуць парадам па праспекце Пераможцаў. Працягам стане вялікі фестываль у парку Перамогі.

З 14:30 да 16.00 будзе перакрыты рух усіх відаў транспартных сродкаў па праспекце Пераможцаў на прамежку ад праспекта Машэрава да вуліцы Нарачанская, а таксама па праспекце Машэрава ад вуліцы Заслаўская да Даўмана.

Пра адметнасці сёлетняга фестываля распавяла Таццяна Жарнасек, піар-менэджар „Мінскага роварнага таварыства”:

– Карнавал – сама назва ўжо паказвае, што будзе вялікае свята, на якім будзе цікава і дарослым, і дзецям. Будзе 20 розных пляцовак. Задача гэтага карнавала – паказаць, што раварыстаў у Беларусі шмат і нашыя меркаванні трэба ўлічваць.

Арганізатары запрашаюць далучыцца да фестываля ўсіх зацікаўленых у развіцці роварнага руху ў Беларусі, а таксама тых, хто хоча прыемна правесці час у цёплай атмасферы. Наведвальнікаў у касцюмах чакаюць цікавыя карнавальныя конкурсы і ўзнагароды.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск