У Менску пройдзе малебен за забітых у Курапатах



7 красавіка ў Менску ля Свята-Духава кафедральнага сабору на плошчы Свабоды пройдзе малебен за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры. Пачатак — а 12:00. З ініцыятывай правядзення малебну выступіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Мікалай Статкевіч.

„Не сустракаючы адпору, самазванец ідзе ўсё далей. Цяпер падчас Вялікага посту ён дэманстратыўна плюе на веру нашага народа. Заклікаю тых, хто не хоча больш цярпець, сабрацца ў нядзелю 7 красавіка а 12:00 на плошчы Свабоды ля Менскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Разам памолімся за збавенне нашай краіны ад злога і пакажам, што нашае трыванне ўжо на зыходзе. Абаронім веру сваіх продкаў. Абаронім сябе. Абаронім Беларусь”, – заявіў Мікалай Статкевіч.

Правядзенне малебну падтрымалі іншыя вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.

На правядзенне малебну ля храмаў не патрабуецца дазвол уладаў.

Таксама лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла з просьбай аб неадкладнай сустрэчы для абмяркавання сумесных намаганняў па спыненню апаганьвання галоўнага сімвала хрысціянства.

„З жалем і абурэннем мы даведаліся, што ўладамі знесеныя дзесяткі крыжоў, што месціліся вакол народнага мемарыялу расстраляным у Курапатах. Яшчэ большае абурэнне выклікае тое, што гэта ганебнае дзеянне адбылося падчас Вялікага паста. Барацьба ўладаў з крыжамі вяртае да памяці масавае і крывавае змаганне камуністычнага рэжыма з рэлігіяй, якое каштавала жыцця і свабоды многім тысячам святароў і вернікаў. Мы лічым знос крыжоў на могілках нявінна забітым недапушчальным і абражальным для хрысціян дзеяннем. Мы просім Вас пра неадкладную сустрэчу для абмяркавання сумесных намаганняў цэркваў і грамадства, каб зрабіць такія дзеянні немагчымымі”, – гаворыцца ў лісце.