Рэспубліканскі форум прадпрымальнікаў у Менску



Чарговы форум аб’яднання прадпрымальнікаў „Перспектыва” прайшоў у Менску пад лозунгам „Прадпрымальнікі і ўлада. Адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу”. На мерапрыемства былі запрошаныя, прысутнічалі і выступілі прадстаўнікі Міністэрстваў эканомікі і гандлю ды Менгарвыканкама. Як кажа старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка, галоўная задача прадпрымальнікаў – працягнуць дыялог з уладамі. І дадае, што трэба паказаць, што галоўныя праблемы прадпрымальнікаў не вырашаныя, а закансерваваныя:

– Гэта шэраг нявырашаных пытанняў: па накладной указа №222, пытанні па сертыфікацыі, тое, што з намі не абмяркоўваюць указы. Мы хочам таксама, каб былі ліквідаваныя крамы канфіскату, каб спынілася гэтая ганебная практыка канфіскацыі. Аб гэтым таксама трэба гаварыць, бо гэта гэта аснова пратэстаў – масавая канфіскацыя таварыў.

Гэтыя і іншыя патрабаванні прадпрымальнікі адлюстравалі ў рэзалюцыі, прынятай на форуме. Шумчанка лічыць, што калі ўсе гэтыя пытанні будуць вырашыныя, напружанне ў малым бізнэсе знізіцца.

* * *

У Доме Масквы ў Менску праходзіць форум індывідуальных прадпрымальнікаў, на які сабралася 120 дэлегатаў. Форум зладзіла арганізацыя «Перспектыва», якую ўзначальвае Анатоль Шумчанка.

Паўдзельнічаць у форуме хацеў іншы лідар прадпрымальніцкага руху – Аляксандар Макаеў, а таксама сустаршыня аргкамітэту Партыі БХД Павал Севярынец. Аднак Анатоль Шумчанка не дазволіў ім прысутнічаць у залі, патлумачыўшы, што «ня хоча блытаць эканоміку з палітыкай».

* * *

Дробны бізнес спадзяецца на чарговыя саступкі ўладаў. У Доме Масквы ў Менску пачынаецца чарговы Рэспубліканскі форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які арганізуе грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”. Дэлегаты прыехалі з розных куткоў рэспублікі. Слонімскі бізнесовец Віктар Марчык лічыць, што ранейшыя форумы і акцыі прадпрымальнікаў прымусілі ўлады адступіцца, і ціск, у прыватнасці, на рыначных гандляроў – істотна зменшыўся:

– Зараз ужо ёсць перамены да лепшага. Напрыклад, суд нядаўна стаў на бок полацкай прадпрымальніцы. У час форуму ад імя нашых прадпрымальнікаў хачу ўнесці прапанову, і хачу каб яе ўключылі ў рэзалюцыю форума. Прапанова тычыцца этыкетак на таварах. Бо прадпрымальнікі закупляюць тавары ўжо з біркамі, этыкеткамі, але павінны яшчэ іх дубляваць і рабіць іншыя этыкеткі. Вось хочам падняць гэтае пытанне, тым больш, што выраб этыкетак ажыццяўляюць вялікімі партыямі, а ІП такіх партый тавараў ня маюць. 

Пры гэтым Віктар Марчык не выключае, што ўлады ідуць насустрач прадпрымальнікам толькі да парламенцкіх выбараў, пасля якіх сітуацыя можа істотна пагоршыцца.  Адзначым, што для Форума прадпрымальнікаў арганізатары доўгі час не маглі знайсці памяшкання, і атрымлівалі адмовы ў арэндзе залы.

* * *

Рэспубліканскі форум прадпрымальнікаў пройдзе сёння, 13 чэрвеня,  у Менску. Пасля доўгіх пошукаў памяшкання форум было вырашана праводзіць у Доме Масквы. Пачатак мерапрыемства запланаваны а 12-й гадзіне па менскім часе. Тэма форуму — „Прадпрымальнікі і ўлада: адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу”.

Першапачаткова форум планавалася правесці 30 траўня.  Аб’яднанне Перспектыва таксама мае намер арганізаваць у бліжэйшы час серыю рэгіянальных форумаў прадпрымальнікаў, у прыватнасці ў Магілёве і Гомелі.

Нагадаем, з пачатку года пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці, які паралізаваў працу часткі індывідуальных прадпрымальнікаў, што гандлююць прадукцыяй легпрамаму. Аднак да канца сакавіка большасць прадпрымальнікаў аднавілі працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.

Беларускае Радыё Рацыя