У Менску прысудзілі штрафы за „караблікі”



Прайшлі суды над удзельнікамі акцыі асуджэння расейскай агрэсіі, якая была арганізавана Моладдзю БНФ з нагоды абстрэлу і далейшага захопу ўкраінскіх караблёў расейцамі. Вечарам 26 лістапада неабыякавыя людзі, што жадалі выказаць салідарнасць, прыйшлі да будынку расейскай амбасады ў Менску і ўсклалі папяровыя караблікі з выявамі ўкраінскіх сцяжкоў, пасля чаго 6 чалавек атрымалі пратаколы па артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў). Сярод асуджаных актывіст дэмакратычнага руху Яўген Батура, актывістка АГП Святлана Каваленка, старшыня Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч і журналістка газеты „Новы Час” Дзіяна Серадзюк:

– Мы сёння ўсе бачылі, што гэта проста цырк, а не суд, і не зразумела, на падставе чаго прымаецца рашэнне, калі ўсе доказы сведчаць пра тое, што я была на акцыі як журналіст. Ёсць і фотадоказы, ёсць пасведчанне, рэдакцыйнае заданне і матэрыял, які выйшаў на сайце паводле акцыі. Але тым не менш мне прысудзілі штраф 20 базаваых.

Дзянісу Урбановічу прысудзілі штраф у памеры 40 базавых велічынь, астатнім падсудным – па 20 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Суд Цэнтральнага раёна Менска 22 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі з папяровымі караблікамі каля расейскай амбасады. Яўген Батура і Святлана Каваленка аштрафаваныя на 20 базавых велічынь (490 рублёў) кожны. Сярод фігурантаў была таксама карэспандэнт газеты „Новы час” Дзіяна Серадзюк, якая асвятляла акцыю. Яе таксама пакаралі штрафам на 20 базавых велічынь, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Удзельнікаў акцыі ў суд прыйшлі падтрымаць актывісты і журналісты. Сярод іх старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Усяго каля 30 чалавек. Актывісты выставілі ў судзе караблікі, але супрацоўнік міліцыі забраў іх.

Серадзюк заяўляла, што на акцыі прысутнічала менавіта як журналіст: здымала ўдзельнікаў акцыі, апытвала іх. На мерапрыемстве была адзначана журналісцкім бэйджам. Да таго ж, адзначала яна, акцыю здымаў на відэа супрацоўнік міліцыі і ўсё, што адбывалася побач з пасольствам, павінна быць зафіксавана.

Суддзя Іван Касцян, нягледзячы на ўсе аргументы з боку журналісткі і рэдакцыі „Новага часу”, палічыў, што Серадзюк удзельнічала ў акцыі, а не асвятляла яе. Вердыкт суда прысутныя на пасяджэнні сустрэлі воклічамі „Ганьба!”.

Нагадаем, увечары 26 лістапада да пасольства Расеі ў Менску прыйшлі каля дзесяці чалавек, пераважна з „Моладзі БНФ”, якія ўсклалі на парапет агароджы папяровыя караблікі, афарбаваныя ў колеры ўкраінскага сцяга. Гэта была акцыя салідарнасці з украінскімі маракамі, абстралянымі і захопленымі ў палон у Азоўскім моры.

У ліку іншых прадстаўнікоў СМІ акцыю асвятляла Дзіяна Серадзюк, але і яе міліцыянеры палічылі ўдзельніцай. Да супрацоўнікаў іншых выданняў міліцыя прэтэнзій не выказвала.

Пазней некалькі ўдзельнікаў акцыі атрымалі па пошце пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

belapan.by