У Менску п’яны пасажыр заявіў пра бомбу на станцыі метро „Малінаўка”



У Менску 15 лютага ў 23.23 на спецлінію „102” паступіла паведамленне пра тое, што пасажыр метро заклаў бомбу. На месца здарэння былі накіраваныя супрацоўнікі міліцыі і вайскоўцы сапёрна-піратэхнічнай групы в/ч 5448, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Праваахоўнікі ўстанавілі, што на канцавой станцыі „Малінаўка” п’яны мінчанін 1985 года нараджэння адмовіўся пакідаць вагон цягніка і пасварыўся з-за гэтага з дзяжурнай па прыёме і адпраўленні цягнікоў. Падчас канфлікту пасажыр сцвярджаў, што заклаў бомбу ў метро, а супрацоўнікам службы бяспекі паведаміў аб наяўнасці выбуховага прыстасавання ў сваім заплечніку.

Пры аглядзе тэрыторыі метрапалітэна і асабістых рэчаў затрыманага ніякіх забароненых прадметаў, уключаючы зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, выяўлена не было.

Мужчыну змясцілі ў ІЧУ. У яго крыві выяўлена 1,72 праміле алкаголю. Неўзабаве дзеянням парушальніка будзе дадзеная прававая ацэнка.

Паводле звестак МУС, затрыманы быў асуджаны за крадзеж, рабаванне, ухіленне ад выплаты аліментаў і адбыцця пакарання (артыкулы 205, 206, 174 і 415 КК).

belapan.by