У Менску раней судзімы мужчына напаў на дзяўчынку ў ліфце



У Менску раней судзімы мужчына ўчыніў разбойны напад на 12-гадовую дзяўчынку ў ліфце пад’езда, паведаміў Следчы камітэт. Нападнік затрыманы па гарачых слядах з дапамогай службова-вышуковага сабакі.

Як паведамляецца, напад учынены пад поўдзень 24 ліпеня. Дзяўчынка ўвайшла ў пад’езд жылога дома і выклікала ліфт. За ёй у ліфт увайшоў мужчына 1989 года нараджэння. Ён напаў на дзіця, „з ужываннем насілля, небяспечнага для здароўя”, адабраў мабільны тэлефон і ўцёк. Дачку на лесвічным пралёце знайшлі бацькі. Дзяўчынку шпіталізавалі, яе жыццю нічога не пагражае.

Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння, устанавіла абставіны здарэння і арганізавала пошук падазронага. У пошуках дапамог сведка, які бачыў падобнага па прыкметах мужчыну і арыенціровачна паказаў, куды той мог схавацца. Акрамя таго, з кабіны ліфта ўзяў след службова-вышуковы сабака і прывёў праваахоўнікаў да дапаможных памяшканняў ЖЭСа, дзе знайшлі падазронага. Ён спрабаваў схаваць сляды злачынства аж да моманту затрымання. Пры ім знайшлі выкрадзены ў дзяўчынкі тэлефон.

Паводле папярэдняй інфармацыі, раней неаднаразова судзімы мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. На месцы здарэння следчымі разам з экспертамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па горадзе Мінску правялі агляд. Узятыя сляды рук, абутку і біялагічныя сляды; прызначаныя экспертызы.

У дачыненні да падазронага распачатая крымінальная справа аб разбойным нападзе (ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса). Следчыя будуць хадайнічаць аб ужыванні да нападніка меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

belapan.com