У Менску разаслалі 80 тысяч новых «лістоў шчасця»
Менскія службы занятасці разаслалі амаль 80 тысяч лістоў тым, хто з’яўляецца патэнцыйным кандыдатам у плацельшчыкі збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў за 2015 год. «Індывідуальныя запрашэнні накіравалі для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні. Ёсць даручэнне прэзідэнта дайсці да кожнага з ліку тых, хто хоча знайсці працу», – распавядае старшыня камітэта па працы, занятасці і сацабароне Менгарвыканкама Жанна Рамановіч.
Дадзеныя аб плацельшчыках збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў службам занятасці падалі падаткавікі. Аднак нешматлікія з непрацуючых адгукнуліся на лісты, у якіх спецыялісты прапануюць сваю дапамогу ў працаўладкаванні, – каля 250 чалавек, як адзначае Жанна Рамановіч.
Паводле слоў спецыяліста, работнікі сталічных службаў занятасці працуюць індывідуальна з такімі грамадзянамі, прапануюць тым, хто з’яўляецца плацельшчыкам збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў за 2015, магчымыя варыянты працаўладкавання на пастаянную і часовую працы.
Льготы для хатніх гаспадынь і адпрацоўка для былых зняволеных
Тым часам сталічная служба занятасці накіравала прапановы па зменах у Дэкрэт №3 на разгляд рабочай групы пры ўрадзе.
– Плацельшчыкаў збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў умоўна можна падзяліць на дзве групы. Першая катэгорыя – тыя, хто працуе ў ценявой эканоміцы. Другая – тыя, хто не працаваў, не працуе і не збіраецца працаваць. І наша задача на сёння – вывесці першых з ценю (для гэтага шмат робіцца на ўзроўні ўрада), а другую катэгорыю ўцягнуць у працоўную дзейнасць, – кажа Жанна Рамановіч.
Так, сталічная служба занятасці прапануе пашырыць спіс тых, каму не трэба плаціць збор.
– Магчыма, гэта хатнія гаспадыні, па меншай меры тыя, хто выхоўвае дзяцей да 14 гадоў. Калі сям’я вырашыла, што жанчына будзе весці хатнюю гаспадарку, значыць, сям’я ў стане паклапаціцца пра яе, – распавядае Жана Рамановіч.
Як варыянт можна ўвесці абавязковае працаўладкаванне асоб, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, дадае спецыяліст.
– Для гэтага трэба ўнесці змены ў крымінальнае заканадаўства, каб асобы, якія прыбываюць з месцаў пазбаўлення волі, лячэбна-прафілактычных устаноў, былі абавязаныя працаўладкавацца і, напрыклад, 2 гады адпрацаваць на адным месцы. Магчыма, што за 2 гады ён рэсацыялізуецца і адаптуецца ў працоўным калектыве, – лічыць спецыяліст.
Яшчэ адна з прапаноў – увесці прэферэнцыі для тых, хто вырашыў адкрыць уласную справу.
– Напрыклад, на 12 месяцаў вызваліць ад падаткаў тых, хто прыняў рашэнне ажыццяўляць дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Але яны павінны прыйсці ў падатковыя органы і заявіць пра сябе, легалізавацца. Сярод відаў дзейнасці – рэпетытарства, паслугі няні, хатніх гаспадынь і іншыя, – удакладняе Жана Рамановіч.