У Менску раздавалі пратаколы за навагоднія гулянні



У навагоднюю ноч у Менску група Дзядоў Маразоў і Снягурак віншавала мінакоў з Новым годам, раздаючы  «адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у навагодніх гуляннях» з інфармацыяй пра арыштаваных, што сустрэнуць новы год у ізалятары. Такім чынам актывісты хацелі прыцягнуць увагу да жорсткіх пакаранняў за ўдзел у мірных сходах і шматлікіх парушэнняў пры ўтрыманні адміністрацыйна асуджаных.

Так, кіраўнік Legalize Belarus і экс-кандыдат «Моладзевага блоку» Стас Шашок быў затрыманы ў пад’ездзе свайго дома і на наступны дзень асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі 20 снежня. На суд не была дапушчаная нават маці актывіста. Два дні запар да Шашка не пускалі адваката. Дзяжурныя тлумачылі адмовы адсутнасцю вольных пакояў для сустрэч з абаронцамі і адвакатамі.

Падчас акцыі аднаго ўдзельніка затрымалі, перапісалі пашпартныя дадзеныя, пасля чаго адпусцілі.

На 15 сутак быў асуджаны адзін з лідараў пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй Павел Севярынец. Новы год за кратамі сустрэлі таксама Максім Вінярскі, Дзяніс Урбановіч, Яўген Афнагель, Алесь Чахольскі, Леанід Кулакоў, Зміцер Казлоў і Сяргей Ціханоўскі.

Арыштаваныя скардзяцца на антысанітарныя ўмовы ўтрымання, перапоўненасць камераў, зняважлівае абыходжанне, знішчэнне асабістых рэчаў, адсутнасць штодзённых прагулак, адсутнасць умоваў для сну, а таксама на тое, што ім не перадаюць пісьмовую карэспандэнцыю.

Паводле Legalize Belarus