У Менску развіталіся з Алесем Ліпаем (абноўлена)
Некалькі дзесяткаў чалавек прыйшлі на развітанне з заснавальнікам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, журналістам ды паэтам Алесем Ліпаем. Жалобная цырымонія адбылася ў рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага ў Менску.
Кажа кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН Аляксандр Класкоўскі:
— Ён такім дзівосным чынам спалучаў у сабе з аднаго боку сялянскі прагматызм, ён сам вясковец, з Капыльшчыны, і рамантызм: адданасць беларускай ідэі. На жаль, апошнім часам вось такія ўдары адзін па адным. Крымінальная справа супраць яго была заведзена, потым справа БелТА, пад якую трапілі супрацоўнікі БелаПАН. Гэта, магчыма, таксама магло фатальна адбіцца на ягоным здароўі.
Алесь Ліпай памёр 23 жніўня. Яму было 52 гады. Вядома, што апошнім часам ён хварэў. Пасля развітальнай цырымоніі ў Менску труну з целам адвезлі ў Рудзенск і пахавалі побач з маці ды сястрой.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск.