У Менску развіталіся з Ганнай Вольскай
У Свята-Елісавецінскім манастыры ў Менску 24 сакавіка адбыося развітанне з Ганнай Вольскай – жонкай і музычным прадзюсарам рок-музыкі Лявона Вольскага. Яна заўчасна памерла – у выніку імклівага развіцця анкалагічнай хваробы.
[youtube id=”xnesU63uUQg”]
У будынку царквы, каля труны, чарадой праходзілі сябры і знаёмыя.
Аляксандр Мілінкевіч, старшыня руху “За свабоду”, экс-кандыдат у прэзідэнты:
– Мы былі знаёмыя і не мала часу праводзілі разам. Падарожнічалі разам і былі на канцэрце ў Вроцлаве. Ведаеце, кажуць, што людзей, якіх нельга замяніць, няма. Ёсць! І без іх пуста. Асабліва Лявону, якому пасля сустрэчы з ім прысвяціла жыццё! Хоць сама была самадастатковай асобай. Яна і частка ягонай творчасці. Вельмі любілі адно аднаго і будуць любіць. Вельмі спачуваю дачцэ. Лявону, дай Божа вытрымаць! Таму што ён частка Беларусі…
Алег Дашкевіч, кінадакументаліст:
– Калі сыходзіць чалавек, поўны сіл, задумаў, творчасці, неяк гэта ўсё… неправільна! Згадваю часцяком атмасферу на Радыё 101,2, што спараджала выяўленню талентаў. Зараз усе яны тут. А Аня ўсё зрабіла, каб гэта атмасфера існавала…
Лявон Баршчэўскі, палітык, выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя:
– Вельмі спачуваю сваёй вучаніцы Адэлі. Але самае страшэннае, што з нашага і так не надта вялікага Беларускага Свету так рана адыходзяць людзі, што шмат чаго яшчэ маглі б зрабіць. Ганну ўсе памятаюць жывой – зусім нядаўна бачыў і нішто не абяцала такога. Трагедыя!
Зміцер Падбярэскі, музычны крытык:
– Кожны мужчына шчаслівы, калі поруч жанчына, што яго цалкам падтрымлівае. Аня і была з такіх людзей, што падзяляла ўсяго Лявона. І тое, што яму ўдалося ў творчасці, шмат у чым, думаю, залежала ад яе. Я з ёй пазнаёміўся, калі яны яшчэ не пабраліся шлюбам. Яна ўпрыгожвала не толькі жыццё мужа, але і радыёкалектыва, дзе працавала.
Алена Лукашэвіч, кіна і тэлепрадусар:
– Пазнаёмілася з ёй – маладзенькай, прыгажанькай – на радыё 101,2. Яны была не проста, як зараз кажуць, рэкламны агент. Рабіла ўсё і ўсё ёй было цікава! І ад яе ішло столькі энергіі! Па сённяшніх беларускіх часах яна была рэдкім пазітыўным чалавекам. Дні тры таму я сканіравала архіўныя фоткі і раптам затрымалася на групавым тагачасным здымку калектыва. Там яшчэ Лявон з Касяй Камоцкай, мы маладыя. Валодзя Сакульскі, гукарэжысёр часоў радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, якога ўжо таксама няма. Наш сышоўшы сябар і знакаміты лінгвіст Юрась Бушлякоў. Мой памерлы муж Віталь Тарас прытуліўся. І Аня – такая маладая, яркая! Што скажаш – яна падзяліла лёс беларусаў, якім Чарнобыль зрабіў сваю справу…
РР: Той выпадак, калі цяжка ляцець далей… з адным крылом…
Алена Лукашэвіч: Але трэба! Перакананая, што Лявон узляціць і яго перапынак будзе нядоўгім. А мы яго падтрымаем. Ане светлая памяць!
А мы яго падтрымаем абавязкова! Вечная ёй памяць!
Ганна Вольская пахаваная ў Заслаўі. Ёй было 40 год. У дзень яе смерці дачцэ Адэлі споўнілася 18…
[Not a valid template]
(Фота Віталя Сямашкі)
[Not a valid template]
(Фота nn.by)
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск