Менск развітаўся з Аляксандрам Тарайкоўскім (абноўлена)
14 жніўня ў Менску каля станцыі метро “Пушкінская” тысячы беларусаў ушаноўвалі памяць забітага там АМАПаўцамі ў ноч на 10 жніўня Аляксандра Тарайкоўскага.
Кажа грамадская актывістка, кінарэжысёр Вольга Мікалайчык:
– Я настолькі ў захапленні ад нашага народу, я – частка народу, маленькая-маленькая. І я, як сляза. Разумееце? У гэтым моры слёз ад радасці вызвалення. У мяне эйфарыі няма, усё можна скончыцца яшчэ ведаеце як. Гэта цяжкі шлях. Але Беларусь вольная нарадзілася на нашых вачах. Мы адпакутавалі 100 год савецкай турмы. 100 год. Ад 17-га да 20-га. 103 гады. Зараз пайшло нараджэнне. Цяжка, але гэта адбудзецца. Беларусь будзе вольнай.
Саму Вольгу Мікалайчык міліцыя затрымала яшчэ 6 чэрвеня на Камароўцы ў Менску пасля пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. У зняволенні яна прабыла роўна месяц. З іх сямнаццаць дзён у карцары.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Тысячы людзей у Менску прыйшлі аддаць даніну памяці 34-гадоваму Аляксандру Тарайкоўскаму, які быў забіты падчас пратэстаў 10 жніўня каля станцыі метро Пушкінская. Развітанне з ім адбылося ў жалобнай цырыманіяльнай залі на вуліцы Альшэўскага.
– Я прыйшла аддаць даніну памяці маладому хлопцу, які загінуў. Нам усім зразумела, хто вінаваты. Слёзы на вачах.
РР: Як будзе ў вочы людзям глядзець?
– Не ведаю. Я ехала, там стаіць верталёт, на пляцоўцы, каля яго рэзідэнцыі.
– Мы таксама прыйшлі ўшанаваць памяць Аляксандра. Тое, што гавораць, нібыта ён узарваўся з гранатай у руцэ, на гэта ёсць відэа ў інтэрнэце, дзе бачна, што яго расстралялі. І гэтае відэа пайшло ўжо па ўсім свеце. Я спадзяюся, што гэтае злачынства не застанецца беспакарана.
– Трэба захаваць памяць чалавека, які загінуў за беларускі народ, за нашу свабоду. Такіх людзей няшмат, якія могуць ахвяраваць сваім жыццём за сваю краіну, за свой народ.
На месцы, дзе быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі, каля станцыі метро Пушкінская, таксама сабраліся многія тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, кветкамі, плакатамі. Пахаваны Аляксандр Тарайкоўскі на Заходніх могілках пад Менскам.
***
Грамадскае развітанне з дэманстрантам Аляксандрам Тарайкоўскім праходзіць на станцыі метро Пушкінская, месцы гібелі Аляксандра.
Развітацца з Аляксандрам ідуць тысячы беларусаў з кветкамі. Яны абураныя дзеяннямі ўладаў. Людзі крычаць: „Трыбунал!”, „Жыве Беларусь!”.
Фота: tut.by
Як сцвярджаюць у МУС, у яго ў руках здэтанавала нейкая выбухная прылада, якую ён збіраўся кінуць у сілавікоў. Але ў гэтую версію ніхто не верыць. Пратэстоўцы адразу выказалі здагадку, што ён мог загінуць у выніку траплення светлашумавой гранаты. Група Conflict Intelligence Team, правёўшы сваё расследаванне, прыйшла да высновы, што мужчына атрымаў кулявое раненне.
Пахаваюць яго ў Азярцы, на Заходніх могілках.
Па словах яго сябра: «Ён проста хацеў жыць у добрай краіне».
Беларускае Радыё Рацыя