У Менску рыхтуецца новая выстава пра Курапаты (абноўлена)



„Праўда пра Курапаты”. Аб адметнасцях новае выставы распавялі яе арганізатары на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Менску. Па словах  актывіста грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў”, журналіста і грамадскага дзеяча Марат Гаравога, выстава адкрыецца 22 лютага ў 17 гадзін у менскім Палацы мастацваў і працягнецца цэлы тыдзень.

– Нашая выстава другая. Першая была ў лістападзе 2015 года. Тады за тры дні яе наведала больш за 2000 чалавек. Нашая цяперашняя выстава крыху адрозніваецца ад першай сваім зместам. Да тых стэндаў, якія былі прадстаўленыя на мінулай выставе, мы дадаем яшчэ некалькі новых. Гэта наступныя тэмы: “Зона”, “Жыццё каля плоту”, “Наведнікі”, “Экспертызы”, “Мінскія Галгофы” і “Конкурс”. Гэта 6 новых тэмаў.

На выставе будуць прадстаўленыя мастацкія творы сябраў суполкі „Пагоня”, створаныя як для мінулай, так і для новай выставы, у тым ліку ў межах творчага конкурсу аб трагічнай гісторыі Курапатаў. На адкрыццё выставы запрошаны некалькі сведкаў тых падзеяў, а таксама прадстаўнкі творчай інтэлігенцыі Беларусі,  палітыкі, грамадскія дзеячы, навукоўцы і іншыя.  

Нагадаем, Курапаты, – гэта ўрочышча пад Менскам, дзе ў 30-40 гады мінулага стагоддзя былі расстраляны шматлікія ахвяры палітычных рэпрэсіяў.

***

Курапаты – гэта не толькі нацыянальны некропаль беларускага народу, дзе ляжаць ахвяры палітычных рэпрэсіяў 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя, але гэта і некропаль, мемарыял усясветнага значэння, – кажа грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў выставы „Праўда пра Курапаты” Вінцук Вячорка.

Па словах Вінцука Вячоркі, сусветнае значэнне Курапатаў не толькі ў тым, што там ляжаць людзі розных грамадзянстваў і нацыянальнасцяў, але і таму, што гэта напамін усяму свету: каб ніколі таго не паўтарылася, мы павінны пра тое памятаць.

– Таму мы з удзячнасцю заўважаем візіты ў Курапаты дзяржаўных дзеячоў, кіраўнікоў замежных дзяржаваў, грамадскіх актывістаў з розных краінаў свету. І хочам у гэтым варыянце выставы на асобным стэндзе паказаць, хто як наведваў Курапаты. Наведвалі двое кіраўнікоў дзяржаваў – гэта былі Лех Валенса ў 1993 і Біл Клінтан у 1994.

Безумоўна, такія візіты дапамагаюць абараніць і захаваць Курапаты, таму што не спыняюцца памкненні іх маргіналізаваць, а то і сцерці з зямнога аблічча, – лічыць Вінцук Вячорка.

На вялікі жаль, цяперашнія кіраўнкі Рэспублікі Беларусь па сённяшні дзень не наведалі Курапаты, ва ўсякім разе, у сваёй дзяржаўна-палітычнай чыннасці, – нагадаў Вінцук Вяячорка.     

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя