Менчукі: Адным словам – „дастаў”! (абноўлена)



Абсалютная большасць тых, хто прыйшоў падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у прэзідэнты, раней палітыкай мала цікавіліся. Але, па іх словах, трываць далей становіцца ўжо немагчымым.

Так, мянчанка Людміла тлумачыць свой выбар тым, што Аляксандр Лукашэнка проста надакучыў, таму што злачынца ва ўладзе:

– За дваццаць шэсць год яго кіравання не проста нічога не змянілася, а проста мы коцімся ў нейкую эканамічную катастрофу. А тое, што ён зараз робіць падчас пандэміі, тое, што ён не аб’явіў каранцін, – гэта ж так трэба ненавідзець свой народ, каб вось так паступаць з людзьмі! Не аб’яўляючы каранціну, гнаць усіх на парад дзеля аднаго – каб пакрасавацца самому ў гэтай форме, каб усе ўбачылі яго веліч. Адным словам – „дастаў”!

Яшчэ адзін, які прыйшоў падпісацца за Святлану Ціханоўскую ды іншых патэнцыйных кандыдатаў, жыхар Менскага раёну Васіль, кажа, што сітуацыя ў краіне тэрмінова патрабуе зменаў. Таму што сітуацыя – як у балоце:

– Толькі хтосьці ўжо адсёрбнуў багны і выплюнуў, а хтосьці яшчэ ў ёй сядзіць. Мне, здаецца, што тут былі прысутныя менавіта тыя, хто выплюнуў вось гэтую твань, крышачку багны і падняў галаву вышэй, каб не захраснуць цалкам і не ўтапіцца. Вось супраць гэтага і стаялі.

Стаяў некалькі гадзінаў, каб аддаць свой подпіс за лепшую будучыню Беларусі, – кажа Васіль з-пад Менску.

***

Адзін з цітушак (супрацоўнік органаў у цывільным) сачыў за Вольгай Нікалайчык. Мяркуецца, што ён хацеў яе затрымаць. Але яму гэта так і не ўдалося

Каля „Камароўкі” стала значна менш людзей.  Некаторыя людзі стаялі ў чэргах па некалькі гадзін, каб паставіць свой подпіс.

***

Шмат тысячаў грамадзянаў прыйшлі да Камароўскага рынку паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай, жонкі арыштавана блогера Сяргея Ціханоўскага, кандыдатам у прэзідэнты. Іх чарга за дзве гадзіны не толькі не зменшылася, а вырасла ў некалькі разоў і расцягнулася больш чым на кіламетр.

Людзі скандуюць: Свабоду Ціханоўскаму! Свабоду Статкевічу! Стоп, таракан!

– Стоп, таракан! Свабоду Ціханоўскаму! Жыве Беларусь! Выпускай!

Абсалютная большасць тых, хто прыйшоў, – гэта людзі, неангажаваныя ў палітыку, але шмат і грамадскіх актывістаў. Кінарэжысёр  Вольга Нікалайчык кажа, што даўно не бачыла столькі пратэстуючых, абураных уладай людзей. Паводле яе, яны на самой справе падпісваюцца не толькі за вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў, колькі супраць Аляксандра Лукашэнкі:

– Тут вельмі шмат народу, атмасфера крэатыўная, душэўная, ніхто не баіцца. Арыштаваны Статкевіч. Арыштавалі актывіста «Грамады» Троцкага, няма Мішчанкі, у нас апаратура арыштаваная, сцягі, стэнды.

І сама Вольга Нікалайчык не выключае, што яе могуць затрымаць. Днямі суд Першамайскага раёна прысудзіў ёй 13 сутак арышту. «Але ні я, ні людзі ўжо не баяцца, таму што тут адбываецца вызваленне краіны ад узурпацыі. Таму далучайцеся!», – заклікае Вольга Нікалайчык.

***

Затрыманы Урбановіч Дзяніс, запіхнулі ў бусік, ніякіх папярэджанняў яму не казалі.

***

У Менску затрыманы лідар Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч. Перад гэтым ён знаходзіўся на плошчы ля Камароўскага рынку, куды тысячы людзей прыйшлі падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай ды іншых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Як сказаў Дзяніс Урбановіч, дзякуй Богу, што так шмат народу сабралася, як і ў мінулы раз. Хаця ўлады могуць зрабіць такую ж правакацыю, як у Гародні два дні таму, з прастытуткамі і «паўшымі» міліцыянерамі:

– Канешне, Лукашэнка зараз у істэрыцы, яго «хістае», што столькі людзей, такія чэргі, што Ціханоўскі такі папулярны, можна сказаць, што чалавек ад народа. Ён будзе нешта рыхтаваць, ці пасадка, ці нейкая правакацыя. Хутчэй за ўсё вось гэтую «крыміналку», што зараз там быццам бы напад на супрацоўніка міліцыі, Ціханоўскага могуць пасадзіць і пакінуць за кратамі. Хаця сітуацыя можа змяніцца. Тут усё залежыць ад нас. Ад народа, што будзе далей адбывацца.

Хаця, як адзначыў Дзяніс Урбановіч, Малады Фронт не падтрымлівае нівонага кандыдата, якія вылучаны ў гэтую кампанію. „Мы падтрымліваем пратэст і байкот”, – падкрэсліў кіраўнік Маладога Фронту.

***

На 16.00 чарга па зборы подпісаў працягвае быць доўгай.

***

Чарга на збор подпісаў расцягнулася больш чым на квартал – ад вуліцы Харужай, на якой знаходзіцца Камароўскі рынак, да вуліцы Якуба Коласа.

Таксама даішнікі выпісваюць штрафы кіроўцам, якія сігналяць у знак падтрымкі. Падстава: Парушэнне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, правілаў руху транспартных сродкаў у жылых зонах, карыстання гукавымі сігналамі.

Але сігналіць вельмі шмат людзей, на ўсіх штрафы скласці немагчыма.

***

Праходзіць свабодны мікрафон. Людзі выходзяць і кажуць, чым яны незадаволеныя (крытыка Лукашэнкі).

Хлопец кажа, што наша дзяржава ніяк не турбуецца аб грамадзянах. Надакучыла!

***

Па дарозе да „Камароўкі” затрымалі Статкевіча. Людзі скандуюць: «Свабоду Статкевічу, свабоду Ціханоўскаму, свабоду актывістам, затрыманым за ўвес час праўлення Лукашэнкі! Лукашэнка, сыходзь!»

Незалежныя назіральнікі ўжо налічваюць дзве тысячы чалавек.

 

***

У Менску каля Камароўскага рынку адбываецца збор подпісаў сябрамі ініцыятыўных груп па вылучэнні Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы, Андрэя Дзмітрыева і Мікалая Казлова, Вольгі Кавальковай у кандыдаты ў прэзідэнты. Сябры ініцыятыўных груп надзелі медыцынскія маскі і пальчаткі, мінакі – з большасці ўсе ў масках.

Аўтамабілі, якія праязджаюць міма, час ад часу сігналяць (у знак падтрымкі). З гукаўзмацняльніка часам грае песня са словамі «свергни таракана» (кавер на знакамітую песню Queen – We will rock you).

Чарга на збор подпісаў за Ціханоўскую расцягнулася на некалькі сот метраў. Незалежныя назіральнікі #ControlBy ужо налічылі на Камароўцы не менш за 1600 чалавек.

Людзі часам скандуюць: « Но пасаран, стоп таракан!», а таксама «Выпускай!».

Беларускае Радыё Рацыя