Марш салідарнасці прайшоў у Менску (абноўлена)
Нешматлікая група пратэстуючых прайшла ў бок плошчы Якуба Коласа, дзе і скончыўся дэмарш.
***
У жаночым маршы ўдзельнічала прыблізна 250 чалавек, былі затрыманні. Дэманстрантак падтрымлівалі аўтамабілісты, якія праязджалі міма. Непадалёк ад скрыжавання праспекта з вуліцай Янкі Купалы супрацоўнікі ДАІ ў суправаджэнні чатырох мікрааўтобусаў сілавікоў спынілі кіроўцу, які сігналіў удзельніцам маршу. Яго адвялі для разбору ў машыну дарожна-патрульнай службы.
У адным з мікрааўтобусаў быў заўважаны камандзір сталічнага АМАП Дзмітрый Балаба. Жанчыны скандавалі „Ганьба ціхарам!”, „Ганьба ОНТ!”, „Свабоду палітвязням!”. На выхадзе з моста цераз Свіслач, непадалёк ад сталічнай плошчы Перамогі, сілавікі затрымалі фатографа Віталя Піваварчыка — супрацоўніка вядучай дзяржаўнай газеты „СБ. Беларусь сегодня„, які асвятляў жаночы марш пратэсту.
Як паведамляе карэспандэнт БелаПАН, да Піваварчыка мэтанакіравана пад’ехаў мікрааўтобус, з якога выбеглі сілавікі пасадзілі фатографа ўнутр. Калег, што стаялі побач, не кранулі. У раёне плошчы Перамогі, затрыманая жанчына з кветкамі. Яна не ўдзельнічала ў маршы, а чакала калону, якая ў той момант да яе набліжалася.
***
Аб’яднаны марш ідзе ў бок плошчы Перамогі.
Калоны на маршах аб’ядналіся на праспекце Незалежнасці, прайшлі міма будынкаў КДБ і СІЗА-1 на Валадарскага, дзе скандавалі „Верым! Можам”! Пераможам!” і „Выпускай!”, патрабуючы адпусціць палітвязняў з турмаў. Далей пратэстоўцы рушылі да плошчы Перамогі.
А ў Лідзе тым часам перакрыты цэнтр горада, дзе будзе праводзіцца аўтапрабег за Лукашэнку. Як заўсёды, акцыі за дыктатара не карыстаюцца папулярнасцю, людзей туды прыцягваюць як правіла пад прымусам, а міліцыя ўсяляк спрыяе іх правядзенню.
***
Марш жанчын аб’яднаўся з маршам людзей з інваліднасцю на праспекце Незалежнасці.
Калона жанчын і людзей з інваліднасцю дайшлі да Кастрычніцкай плошчы.
У Менску міліцыя перакрыла рух па праспекце Незалежнасці ад скрыжавання з вуліцай Казлова.
***
Раманаўская слабада. Некалькі дзясяткаў удзельніц жаночага маршу рухаюцца з боку кінатэатра „Беларусь” у бок вуліцы Няміга.
***
Сёння ў Менску адбудзецца марш салідарнасці са страйкоўцамі. Збор удзельнікаў прызначаны на 13 гадзін у скверы каля кінатэатру „Беларусь”. Далей удзельнікі пойдуць цэнтральнымі вуліцамі і праспектамі Менска. Акцыя запланаваная цягам 2 гадзіны.
Гэта па традыцыі жаночы марш салідарнасці, але да яго зазвычай далучаюцца розныя групы насельніцтва. Разнастайныя акцыі супраць дыктатуры Лукашэнкі трываюць і не спыняюцца па ўсёй Беларусі ўжо больш за 80 дзён.
Спыніць іх не атрымліваецца, нягледзячы на звыш 400 крымінальных спраў, пастаянныя масавыя арышты і штрафы, а таксама звальненні з працы і адлічэнні з універсітэтаў, пагрозы ўжывання агнястрэльнай зброі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novychas.by