У Менску студэнт з Кітая выкідваў з акна кухневыя прадметы
Медыкі абследуюць кітайскага студэнта пасля яго неардынарнага ўчынку.
Як паведамляецца на сайце ГУУС Менгарвыканкама, 25 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу Маскоўскага РУУС паступіла інфармацыя ад жыхароў дома па вуліцы Соф’і Кавалеўскай пра тое, што мужчына з акна кватэры, размешчанай на другім паверсе, выкідвае кухневыя прадметы. Адзін з кубкаў трапіў у прыпаркаваную машыну, у выніку чаго было разбіта бакавое шкло.
Нарад міліцыі, які прыбыў па выкліку, затрымаў маладога чалавека і даставіў яго ў райупраўленне. Свае дзеянні затрыманы растлумачыў „шумамі ў галаве”. Але калі прыехалі супрацоўнікі міліцыі, паводле яго слоў, „шумы” спыніліся.
Устаноўлена, што малады чалавек 1990 года нараджэння з’яўляецца грамадзянінам Кітайскай Народнай Рэспублікі і вучыцца ў адной з менскіх ВНУ.